Аляксандр Класкоўскі: Не варта паддавацца эйфарыі



“Не варта паддавацца эйфарыі адносна пратэстнага настрою ў беларускім грамадстве”, – заўважае палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі, аналізуючы акцыі пратэсту.

У выхадныя адразу ў некалькіх гарадах Беларусі — Баранавічах, Бабруйску, Берасці і Віцебску — прайшлі акцыі супраць дэкрэта №3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”. Колькасць людзей, якія выйшлі на вуліцы, ад некалькіх соцен – да тысячы.

– Пачытаеш некаторыя допісы і дыскусіі – вось нібыта „Рэвалюцыя годнасці” пайшла, ледзь не Лютаўская рэвалюцыя, калі праводзіць паралелі з падзеямі векавой даўніны. Гэта не так. Трэба цвяроза ацэньваць і маштаб пратэстаў – гэта значна меней, чым было, напрыклад, падчас “гарачай вясны” 1996 года. Трэба бачыць, што ёсць канкрэтная прычына, ёсць штуршок – дэкрэт №3. Варта браць пад увагу, што першапрычына – матэрыяльная. Тут шмат залежыць ад далейшых дзеянняў улады. Самым разумным, смелым і прыгожым было б скасаваць гэты дэкрэт. Гэта б сведчыла пра сілу ўлады, а не пра яе слабасць. Але наверсе могуць думаць іначай.

Чарговая акцыя ў Бабруйску пройдзе 12 сакавіка, у Берасці – 5 сакавіка, у Віцебску і Гомелі – 25 сакавіка. Таксама плануюцца акцыі ў Менску ды іншых гарадах.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя