Абарона Курапатаў: дзень дзявяты (абнаўляецца)
Абарона Курапатаў працягваецца. Каля будаўнічай пляцоўкі ў Зялёным Лузе побач з мемарыялам «Курапаты» актывісты апазіцыі і мясцовыя жыхары дзявяты дзень праводзяць бестэрміновую акцыю пратэсту супраць будаўніцтва офіснага цэнтра паблізу мемарыяла «Курапаты».
З Менска паведамляе наш карэспандэнт Генадзь Барбарыч:
– Чарговая ноч у лагеры абаронцаў Курапатаў прайшла спакойна. Раніцай сабраліся людзі на ўжо традыцыйны невялікі мітынг. Было больш за 40 чалавек. Сярод тых, хто адмыслова прыехаў, каб выступіць, – Уладзімір Някляеў, які прачытаў некалькі сваіх вершаў, палітыкі Павел Севярынец, Аляксей Янукевіч, Вячаслаў Сіўчык і іншыя. Адметнасцю а 7-й гадзіне раніцы стала тое, што адагналі той трактар, на які ў пік супрацьстаяння ўскараскаўся Зміцер Дашкевіч. Актывіст з гумарам пракаментаваў гэтую падзею, сказаўшы, што гэты трактар можа стаць помнікам абаронцам Курапатаў. У лагеры людзі спадзяюцца, што ім удасца адбараніць Курапаты.
У 8 гадзін ізноў прайшла агульная мабілізацыя. Напярэдадні ў адміністрацыі Першамайскага раёна Менска адбылося паседжанне камісіі па грамадскім абмеркаванні дэтальнага плана, дзе пабудову бізнес-цэнтра фактычна прызналі законнай. Паседжанне праводзіў намеснік старшыні райвыканкама Васіль Касавец.
Як да гэтай навіны паставіліся ў намётавым мястэчку пратэстоўцаў? Што вырашыў надзвычайны сход? Пра гэта запытаўся наш карэспандэнт Стась Дадэрка, які завітаў да курапацкіх абаронцаў мінулай ноччу.
РР: Зараз у намётавым мястэчку ёсць пастаяннае асвятленне за кошт адмысловага генератара. Утварыўся вельмі шырокі памост, выкладзены з паддонаў, каб людзі не хадзілі па бруднай зямлі.
Якое ўражанне ў Вас пакінула сустрэча з чыноўнікамі?
Вольга Мікалайчык: Жахлівае. Гэта суцэльная абраза ўласнага народа, гэта ганьба, злачынства. Яны злодзеі, якія адкрыта ставяцца з пагардай да людзей, што брыдка за гэтым назіраць. Чыноўнік сказаў нам выйсці з кабінета, забараняў здымаць і рабіць аўдыёзапіс. Гэта ганебна! Мы сказалі яму: „Маўчы, слуга! Ты не дома ў майтках, а на працы. Ты публічны чалавек, а мы народ. І ты нам служыш”.
РР: Як намётавае мястэчка адрэагавала на навіну з Першамайскага райвыканкама?
Зміцер Галко – незалежны беларускі журналіст: Зразумела, што вельмі негатыўна. Хоць асабліва ніхто з прысутных тут асабліва і не чакаў іншага рашэння. Для мяне, напрыклад, гэта было ўсё ж нечаканасцю.
РР: Але, як кажуць эксперты, гэтае рашэнне фармальнае, а не лёсавызначальнае.
Зміцер Галко: Так. Але яно так ці іначай азначае, што змаганне працягваецца. На сходзе былі агучаны далейшыя планы дзеянняў, якія ўключаюць у сябе сустрэчу з Шорацам і, магчыма, экспертнай групай па Курапатах. Запланавана мабілізацыя кожнага ранку а 8-й гадзіне, наколькі гэта будзе магчыма.
РР: У сацыяльных сетках паведамлялася, што цягам дня мелі месца правакацыі кампаніі людзей спартыўнага выгляду.
Зміцер Галко: Так, і гэта паведамлялася мной. Праўда, мне не ўсе паверылі. Калі ў лагеры засталося 4-5 чалавек, падцягнуліся сюды нейкія 4 хлопцы. Яны стаялі на адным месцы. Да таго ж тут былі 2 сталыя “ціхары”, то бок разам – шасцёра. І яшчэ два нейкія дзіўныя хлопцы папросту прыйшлі ў лагер. Зніклі яны пасля таго, як сюды прыехала журналістка “Белсата”.
РР: То бок прадстаўнікі СМІ па-ранейшаму застаюцца анёламі-ахоўнікамі намётавага мястэчка?
Зміцер Галко: Прынамсі ў гэтай сітуацыі лібералізацыі яны не хочуць, каб гэта патрапіла кудысьці і было зафіксавана. Таму пажадана, каб нейкія СМІ тут былі ўвесь час і маглі аператыўна перадаць інфармацыю. Бо правакацыі цалкам магчымыя.
РР:А 8-й гадзіне зноў была аб’яўлена мабілізацыя. Ёсць верагоднасць, што будаўнікі паспрабуюць ізноў прыйсці на працу?
Зміцер Галко: Зразумела, што людзям зранку прыходзіць вельмі цяжка. Некалькі дзясяткаў чалавек прыйшло, быў нехта са СМІ – гэтага, у прынцыпе, ужо дастаткова.
РР: Пакуль нельга сказаць, што будоўля спыняецца? Выводзіцца тэхніка?
Зміцер Галко: З гэтым вывадам тэхнікі было абсалютнае перабольшванне, бо выведзены быў толькі кран. І тое, што закапалі траншэі, не азначае, што яны спынялі будоўлю. Магчыма, яны зрабілі тое, што збіраліся.
РР: Я бачу, Вы сёння так зацята разгружалі паддоны. Хлопцы Вас адганялі, а Вы ўсё роўна рваліся ў бой.
Самонава Хрысціна з “Маладога фронту”: Мне падаецца, што аднолькава ўсе ядуць, аднолькава мусяць і працаваць. Па-другое, я сёння тут першы дзень толькі. Вырвалася са шпіталя і прымчалася сюды. Толькі прыехала, сілы ёсць, хочацца дапамагчы. Гэта для мяне нескладана.
РР: Ці навіна з райвыканкама сапсавала настрой?
Самонава Хрысціна: Не. Не было спадзеву, што ўсё будзе лёгка і проста. У нас усё добра, цёпла. Гатовы на ўсё.
РР: Якія патрэбы зараз у намётавага мястэчка? Што людзям везці?
Самонава Хрысціна: Усё ёсць. Я не ведаю… Усяго нібы дастаткова. Дзякуй усім. Мясцовыя жыхары падыходзяць, пад’язджаюць людзі, каб падтрымаць.
Сяргей Пальчэўскі: Я асабліва не адчуў, каб у некага змяніўся настрой. Усе адразу былі скіраваны на тое, што будуць змагацца да таго часу, пакуль будоўля не спыніцца. Мы былі гатовы і сёння раніцай сустракаць будаўнікоў, будзем гатовы і заўтра сустрэць.
1-га сакавіка абаронцы Курапатаў сустрэнуцца са старшынём Менгарвыканкама Андрэем Шорацам. А 3-га сакавіка ў лагеры пратэстоўцаў адбудзецца агульнагарадскі мітынг „Абаронім Курапаты!”.
Стас Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота svaboda.org