Працягваюць судзіць начальніка Баранавіцкага ДАІ (абноўлена)



У Ляхавічах працягваецца суд над Андрэем Валкавыцкім

Дзяржабвінаваўца назваў справу неардынарнай, таму што вінаваты не проста супрацоўнік ДАІ, а выконваючы абавязкі начальніка інспекцыі, піша intex-press.by.

Па словах пракурора, Андрэй Валкавыцкі ведаў пра расстаноўку сіл на дарозе і тое, што калегі яго не спыняць. «Аднак яго спыніла дзяўчына, якая загінула. Падсудны адцягнуўся ад агляду за дарогай, таму што быў моцна п’яны, і гэта не дазволіла яму своечасова затармазіць».

Дзяржабвінаваўца дадаў, што дапытаныя супрацоўнікі ляхавіцкай ДАІ пацвердзілі, што абвінавачваны быў моцна п’яны. Пра гэта сведчаць і розныя экспертызы.

Пракурор папрасіў суд прызнаць Валкавыцкага вінаватым па частцы 4 артыкула 317 і прызначыць пакаранне ў выглядзе 5 гадоў папраўчай калоніі ва ўмовах пасялення з выплатай кампенсацыі пацярпеламу. Час знаходжання пад вартай пракурор папрасіў залічыць у тэрмін.

Змякчальнымі абставінамі, на думку пракурора, з’яўляюцца дзеці і поўнае прызнанне віны Валкавыцкім. Абцяжваючымі – грубае парушэнне правілаў ПДР.

* * * 

У судзе Ляхавіцкага раёна 28 лютага пачаўся працэс па справе былога выканаўцы абавязкаў начальніка Баранавіцкага ДАІ Андрэя Валкавыцкага.

Ён абвінавачваецца па ч. 4 арт. 317 Крымінальнага кодэкса (парушэнне ПДР асобай, якая кіравала транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення, што мела вынікам па неасцярожнасці смерць чалавека).

26 лістапада Валкавыцкі знаходзіўся за рулём аўтамабіля, які збіў насмерць 36-гадовую жанчыну. ДТЗ адбылося прыкладна ў 20.30 каля вёскі Дарава Ляхавіцкага раёна.

Па наяўнай інфармацыі, Валкавыцкі ехаў па асабістых справах і быў у цывільным адзенні. У той момант інспектары ДАІ спынілі аўтамабіль, якім кіраваў вадзіцель-бяспраўнік. Пакуль афармлялі пратакол, 36-гадовая жанчына-пасажыр выйшла з машыны, каб даведацца пра прычыны спынення. Калі яна пераходзіла дарогу, яе збіла машына, за рулём якой знаходзіўся Валкавыцкі. Ён ехаў з хуткасцю 100 км/г пры дазволеных 60 км/г.

Адразу пасля ДТЗ Валкавыцкага ўзялі пад варту. Паводле папярэдніх дадзеных, аналіз паказаў, што ў яго крыві ўтрымлівалася амаль 3 праміле алкаголю.

У загінулай жанчыны засталіся двое няпоўнагадовых дзяцей: сыну шэсць гадоў, дачцэ — шаснаццаць. Пацярпелым прызнаны бацька загінулай. Яго інтарэсы ў судзе прадстаўляе адвакат Павел Калтуновіч, вядомы па справе матацыкліста, які збіў у цэнтры Менска інспектара ДАІ. У судзе прысутнічаюць і іншыя родныя загінулай пасажыркі, яны ў жалобнай вопратцы, прынеслі на працэс фота жанчыны.

Калі віна Валкавыцкага будзе даказаная, яму пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі. Абвінавачваны цалкам прызнаў віну. На працэсе ён увесь час сядзіць з апушчанай галавой, на пытанні суда адказвае ціха і няўпэўнена.

Паведамляе БелаПАН

Фота nn.by