Рамаз Сакварэлідзэ: Ваша краіна заўсёды цікавіла Грузію



Грузінскі палітолаг Рамаз Сакварэлідзэ распавёў пра сёняшнія дачыненні Тбілісі і Менска.

1 сакавіка ў беларускай сталіцы адбудуцца афіцыйныя перамовы паміж кіраўнікамі Беларусі і Грузіі. Паведамляецца таксама, што праграмай візіту прэзідэнта Грузіі Георгія Маргвелашвілі прадугледжаны сустрэчы з кіраўніцтвам урада Беларусі, Нацыянальнага сходу, наведванне арганізацый і сацыякультурных аб’ектаў.

Рамаз Сакварэлідзэ: Беларусь заўсёда цікавіла Грузію па многіх прычынах. Па-першае, ваша краіна з’яўляецца тым рэдкім выключэннем з правіл на прасторы пастсавецкіх краін, калі развіццё эканомікі ідзе паступова ў накірунку да рынку, з выкарыстаннем таго патэнцыялу, што застаўся з савецкіх часоў. Не буду казаць, наколькі ўсё правільна робіцца, але ж заўсёды можна скарыстаць для свайго ўласнага досведу нешта самае лепшае. І ў гэтым плане беларускі вопыт можа быць цікавы для Грузіі. Тым больш, што грамадзянская вайна ў нас прывяла да таго, што тую ж эканоміку давялося падымаць практычна з нуля. Зараз мы з вялікай цікавасцю адносімся да тых краін, дзе стабільнасць з’яўляецца характэрнай рысай.  

РР: Не так даўно Еўразвяз ухваліў увядзенне бязвізавага рэжыму з Грузіяй, Беларусь апошнім часам таксама значна палепшыла стасункі з Захадам…

Рамаз Сакварэлідзэ: І гэта таксама нагода для двухбаковага абмеркавання і абмену вопытам. Беларусь можна назваць у шырокім разуменні транзітнай краінай у накірунку да Еўропы. Як эканамічнага транзіту, так і культурнага, і іншага. У гэтым сэнсе Беларусь і Грузія таксама падобныя, а значыцца ўзаемавыгодныя пагадненні маюць інтарэс для ўсіх. І яшчэ адзін аспект, які цікавіць і Грузію, і Беларусь – гэта стасункі з Расеяй. Ніхто не хавае, што ў нас гэтыя дачыненні даволі складаныя, а апошнім часам яны ўскладніліся паміж Менскам і Масквой. Думаю, гэтыя моманты кіраўнікі Грузіі і Беларусі таксама не абмінуць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота sputnik-georgia.ru