Жыхарка Рэчыцы пакараная за абразу беларускай мовы
Разгляд пачаўся ў снежні 2016 года. Ініцыятар грамадзянскай кампаніі „Справаводства па-беларуску!” Ігар Случак накіраваў заяву ў Рэчыцкі райвыканкам. Ён паведаміў, што 1 снежня 2016 года ў супольнасці „Моцныя навіны” — навіновы паблік Гомеля” ў сацыяльнай сетцы „УКантакце” жыхарка Рэчыцы Яўгенія Чатвяртная пакінула каментар: „Беларуская мова непрыемная на слых. Ды і наогул, беларуская мова — гэта недарэчнае асарці з рускай і польскай„. Заяўнік палічыў, што такім выказваннем у публічнай прасторы Чатвяртная парушыла артыкул 9.22 КоАП, публічна абразіўшы беларускую мову. Ігар Случак прасіў прыцягнуць грамадзянку да адказнасці.
Адказу з райвыканкама заяўнік не атрымаў. 14 лютага ён звярнуўся ў пракуратуру Рэчыцкага раёна з просьбай правесці праверку і растлумачыць, чаму райвыканкам не даў своечасова адказ на зварот.
„Па выніку разгляду вашай заявы намеснікам начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Рэчыцкага райвыканкама 31 студзеня была вынесеная пастанова аб адміністрацыйным спагнанні з Яўгеніі Чатвяртной па артыкуле 9.22 КоАП”, — зазначыў у адказе пракурор Рэчыцкага раёна Мікалай Беларусаў. Зыходзячы з ліста пракуратуры, райвыканкам даваў адказ Случаку, але той яго не атрымаў.
„Яўгенія Чатвяртная атрымлівала юрыдычную адукацыю ў той жа ВНУ, што і я, працавала судовым выканаўцам, таму яна не магла не разумець, што падобныя выказванні недапушчальныя і абразлівыя, а адукаваны чалавек так сябе паводзіць не можа і не павінен. Варта зазначыць, што абразлівы каментар яна пакінула пад тым жа запісам у паблік, дзе пакінуў свой абразлівы каментар былы міліцыянер Васіль Варушчанка, які таксама праз суд быў пакараны за абразу беларускай мовы”, — заявіў БелаПАН Случак.
У цэлым ён задаволены пастановай Рэчыцкага райвыканкама. „Я ў свой час праходзіў там практыку і магу адзначыць, што там працуюць добрыя спецыялісты, якія пры ўсёй складанасці гэтай справы паспелі ўкласціся ў тэрмін: калі б пастанова была вынесеная на дзень пазней, Яўгенія Чатвяртная змагла б пазбегнуць адказнасці. Спадзяюся, гэты выпадак будзе навукай для тых, хто лічыць, што збіраць „лайкі” ў сацыяльных сетках за кошт абразы нацыянальнай мовы — добрая ідэя”, — сказаў адзін з ініцыятараў грамадзянскай кампаніі „Справаводства па-беларуску”.
27 студзеня суд Навабеліцкага раёна Гомеля прызнаў былога міліцыянера Васіля Варушчанку вінаватым у абразе беларускай мовы (артыкул 9.22 КоАП) і вызначыў максімальна магчымае пакаранне — штраф у 10 базавых велічынь (230 рублёў).
Гэта быў трэці з 1999 года вядомы выпадак прыцягнення грамадзяніна да адказнасці за абразу беларускай мовы. Экс-супрацоўнік дэпартамента аховы 1 снежня 2016 года ў пабліку партала „Моцныя навіны” пакінуў каментар: „Беларуская мова — гэта труп, што загнівае, які ўжо даўно пара закапаць глыбей!”
Ігар Случак накіраваў заяву ў Гомельскі гарвыканкам з просьбай прыцягнуць да адказнасці грамадзяніна, які абразіў беларускую мову. Гэтае выказванне стала прадметам лінгвістычнай экспертызы.
У верасні 2016 года быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці грамадзянін, які абражаў родную мову. Пакарання для жыхара Мазыра Дзмітрыя Шчарбатых таксама дамогся Случак.
Фота gomelspring.org