Прэзідэнт Грузіі прыбыў у Беларусь з афіцыйным візітам



Афіцыйны візіт прэзідэнта Грузіі Георгія Маргвелашвілі ў Беларусь пачаўся 1 сакавіка. Грузінскі кіраўнік прыбыў у Менск напярэдадні вечарам.

Афіцыйныя перамовы Аляксандра Лукашэнкі і Георгія Маргвелашвілі адбудуцца 1 сакавіка ў Палацы Незалежнасці, паведаміла прэс-служба беларускага прэзідэнта.

Кіраўнікі дзяржаў правядуць перамовы ў фармаце „сам-насам”, а таксама ў пашыраным складзе з удзелам членаў дэлегацый. „Бакі абмяркуюць шырокі комплекс пытанняў развіцця двухбаковага супрацоўніцтва, асаблівая ўвага будзе нададзеная актывізацыі гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння”, — адзначыла прэс-служба.

Паводле вынікаў перамоў чакаецца падпісанне шэрагу двухбаковых дакументаў.

Праграмай афіцыйнага візіту прэзідэнта Грузіі, які адбудзецца 1—2 сакавіка, прадугледжаныя таксама сустрэчы з кіраўніцтвам урада Беларусі, Нацыянальнага сходу, наведванне арганізацый, сацыяльных і культурных аб’ектаў.

Паводле вынікаў сустрэчы Лукашэнкі з Маргвелашвілі падчас візіту беларускага кіраўніка ў Грузію ў красавіку 2015 года бакі паставілі задачу павялічыць тавараабарот да 200 млн долараў.

Згодна са звесткамі Белстата, за студзень—чэрвень 2016 года тавараабарот Беларусі з Грузіяй склаў 40,9 млн долараў, што на 89,2% больш, чым за аналагічны перыяд 2015 года, у тым ліку экспарт — 34,1 млн (у 3,1 разу больш), імпарт — 6,8 млн (на 37,3% менш). Сальда склалася станоўчае ў 27,4 млн долараў.

 БелаПАН