У Пінску на аднаго дармаеда стала больш
У Пінску на аднаго дармаеда стала больш, а прадпрыемства «Ізскур» па выпрацоўцы штучных скур страціла высокакваліфікаванага і прынцыповага работніка. Ім стаў 43-гадовы жыхар Пінска Аляксандр Глобаж, які не захацеў мірыцца з несправядлівасцю і парушэннямі і за гэта быў звольнены па заканчэнні кантракта, кажа Аляксандр Глобаж:
— Мой непасрэдны начальнік размаўляў з замдырэктара. І ў мяне з сабой ёсць дакумент, напісаны ад яго, што я выдатны працаўнік і цалкам яго задавальняю і да мяне не было ніякіх прэтэнзій, і што ён лічыць маё звальненне немэтазгодным.
Аляксандр Глобаж звяртаўся па дапамогу ва ўсе мясцовыя інстанцыі, але ніхто з адказных асоб яму не дапамог. Цяпер ён увайшоў у шэрагі прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці, і яго будуць абараняць прававыя інспектары прафсаюза, гаворыць старшыня Берасцейскага прафсаюза РЭП Зінаіда Міхнюк:
— І мы будзем дапамагаць такім людзям адстойваць свае правы і інтарэсы і яшчэ раз паказваць усю недарэчнасць кантрактнай сістэмы, якая дзейнічае ў Беларусі.
Паводле Аляксандра Глобажа, хоць яго звольнілі, ад яго прынцыповасці і неабыякавасці ёсць плён: цяпер слесары-рамонтнікі праходзяць курсы стропальшчыкаў, п’яных не дапускаюць да працы, а вывешаны ў бытоўцы сцяг ДНР быў зняты.
Поўны матэрыял слухайце ў далучаным аўдыёфайле:
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя