Максім Багдановіч: Гэта ёсць фундамент нашага Адраджэння!



Вільня. Дом на вуліцы Піліма (на перакрыжванні з вуліцай Каліноўскага) – тут у 1911 годзе знаходзіліся экспанаты Віленскага Беларускага музея.  

У гэтым доме ў 1911 годзе знаходзіліся экспанаты Віленскага Беларускага музея

Падчас паездкі ў Вільню ў 1911 годзе Максіма Багдановіч знаёміцца з экспанатамі Беларускага музея Івана Луцкевіча, дзе трымае ў руках Слуцкія паясы, якія натхняюць паэта на стварэнне верша “Слуцкія ткачыхі”.

Вацлаў Ластоўскі згадваў прыезд Максіма Багдановіча ў Вільню:

“Праездам у вёску М.Багдановіч прабыў двое содняў у Вільні. Абедзве ночы начаваў у рэдакцыі „Нашай Нівы”, якая тады месцілася на Завальнай вуліцы, № 7, у тым самым памяшчэнні, дзе цяпер „Беларуская кнігарня”. Абедзве ночы я правёў разам з ім, і кожны раз гутаркі нашы зацягаліся ад змяркання да світання. Багдановіч дзяліўся сваімі думкамі і з захапленнем пераймаў ад мяне мае ведамасці з беларускай (крыўскай) этнаграфіі і гісторыі, якія я пераказваў яму, як умеў, дэманструючы быўшыя пры рэдакцыі калекцыі Івана Луцкевіча. Асабліва глыбокае ўражанне на Багдановіча зрабілі рукапісы старасвецкіх славянскіх кніг і дакументаў, а такжа Слуцкія паясы, якія па некалькі разоў пераглядаў. ”Гэта ёсць фундамент нашага адраджэння! Гэта і за тысячу гадоў будзе сведчыць аб нас!” – казаў М.Багдановіч аб помніках нашай старасвецкай культуры. М.Багдановіч прыехаў у Вільню ўжо як актыўны і свядомы працаўнік беларускага (крыўскага) адраджэння, глыбей сягаючы думкай у будучыню нашага народа, чым мы, працаўнікі, згрупаваныя ў цэнтры. Гэтыя яго думкі аб адраджэнні і былі галоўнай тэмай нашых начных бясед”.

Беларускае Радыё Рацыя