Забудоўнік адмовіўся будаваць офіс-цэнтр каля Курапатаў
Зміцер Дашкевіч схадзіў 2 сакавіка на прыём да бізнесоўцаў Ігара Анішчанкі і Сяргея Несцерава, адказных за будаўніцтва офіснага цэнтра.
Фота Антона Матолькі
Як распавёў „Свабодзе” Зміцер Дашкевіч, сустрэча адбылася па ягонай ініцыятыве:
„Анішчанка прыняў мяне з Несцеравым, які спачатку вельмі радыкальна пра нас выказваўся.
Яны запэўнілі, што не хочуць будаваць на касцях і шануюць парэшткі ахвяраў. Шкада, што ім для гэтага спатрэбілася шмат часу.
Шкада, бо ёсць і крымінальная справа супраць абаронцаў. Гэты забудоўнік нас запэўніў, што ніякай будовы ён на гэтым месцы рабіць не будзе. Калі Шорац і гарадскія ўлады знойдуць іншага забудоўніка, то будуць будавацца іншыя людзі. Анішчанка нам дзякаваў, што мы пратэставалі, што сталі каталізатарам. Бо яны на абмеркаваннях не чулі нічога пра пахаванні. А гэта сведчыць пра тое, што дзяржава вельмі намінальна падыходзіць да будоваў. Без гісторыкаў, даследчыкаў і мясцовых жыхароў.
У любым разе, Анішчанка і Несцераў заявілі, што не могуць працаваць, калі людзі кідаюцца пад тэхніку. Канешне, шкада, што на гэта спатрэбілася пяць дзён перад тым, як тэхніка была спыненая. Але мы расцэньваем гэта як пэўную перамогу».
Тым не менш, як кажа актывіст, лагер абаронцаў будзе стаяць да таго часу, пакуль яны не пабачаць дакументаў пра заканчэнне будовы.
„Гэта дзяржава стварыла канфлікт. Сутыкнула ілбамі людзей, нагнятала жарсці. Але вынік пазітыўны. Дзякуй усім самаахвярным людзям і Богу”.
Будаўнікі тым часам вывозяць з пляцоўкі ля Курапатаў бытоўкі і абсталяванне. Дашкевічу распавялі, што ў наступны панядзелак на будоўлі ўжо будзе раўняцца ландшафт, пасля чаго прыйдуць працаўнікі «Зелянбуду», каб аднаўляць зялёную зону.
Але збор актывістаў а 18-й гадзіне 3 сакавіка не адмяняецца, кажа Дашкевіч. Таксама на будоўлі Дашкевіча пераконвалі, што заявы на актывістаў аб пашкоджанні плоту адклікаюць.
* * *
Адзіннацаты дзень ідзе абарона Курапатаў. Актывісты пратэстуюць супраць будоўлі каля мемарыяльнага комплексу “Курапаты”. Як пачаўся чарговы дзень – расказвае лідар “Маладога фронту” Зміцер Дашкевіч.
Зміцер Дашкевіч: Надвор’е з самай раніцы добрае. Быў лёгкі мароз, але заззяла сонейка – стала цяплець. Неба чыстае. Ну, і настрой адпаведны. Умоцоўваецца ён і тым, што забудоўшчык пачаў гэтую раніцу з таго, што вывозіць матэрыялы, свае буданы з тэрыторыі будаўнічай пляцоўкі.
РР: Менскі гарвыканкам кажа, што нібыта на тыдзень прыпынены гэтыя будаўнічыя працы. А Вы кажаце, што забудоўшчык вывозіць свае рэчы. Ці сведчыць гэта пра тое, што яны ўвогуле адмовіліся ад гэтай думкі. Ці маеце якую-небудзь інфармацыю на гэты конт?
Зміцер Дашкевіч: Прадстаўнік забудоўшчыка пераконваў мяне ў тым, што яны вырашылі не будавацца. А роля гарвыканкама была зусім іншая – пераканаць забудоўшчыка, што будавацца можна, выкупленая зямля, усё добра. Магчыма, Шорац для таго паўзу і браў, каб пераканаць іх у працягу будоўлі, давесці, што гэта страта для бюджэту і г. д. Хоць сам забудоўшчык сказаў, што ні пры якім раскладзе яны тут будавацца не будуць і, у прынцыпе, усё ўжо вывозяць. У панядзелак мне паабяцалі разабраць гэты плот. Таму Шорац – гэта звычайны ілгун, які невядома што плёў. І няма сэнсу з ім размаўляць і слухаць яго балбатню.
РР: Сапраўды, сродкі СМІ прыводзяць словы забудоўшчыка, які таксама перакананы, што гэта месца, на якім не варта штосьці будаваць. А ці была ў Вас магчымасць сам-насам паразмаўляць з забудоўшчыкам? Ці быў ён на месцы, ці размаўляў з людзьмі, якія бароняць Курапаты?
Зміцер Дашкевіч: Ніхто з намі не размаўляў. Тут ёсць толькі дырэктар будаўнічай пляцоўкі, які кантактуе непасрэдна з уладальнікам Анішчанкам і дырэктарам Несцеравым. І мы ведаем, што яны прынялі рашэнне не будавацца тут ні пры якім раскладзе. І сёння было прынята рашэнне ўсё вывозіць, усё закрываць.
Гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя