Кожны трэці беларус жыве на 300 рублёў
Кожны трэці беларус — 33,9% — у кастрычніку-снежні мінулага года штомесяц меў суму да 300 рублёў. Пры гэтым у 6% жыхароў нашай краіны наяўныя рэсурсы і зусім былі ніжэй за бюджэт пражытачнага мінімуму — нацыянальную рысу беднасці. Такія высновы вынікаюць са статыстыкі Белстата.
У Беларусі на 1 студзеня пражывала 9 мільёнаў 504,7 тысячы чалавек. Атрымліваецца, што за рысай беднасці ў кастрычніку-снежні мінулага года знаходзілася каля 570 тысяч чалавек. Іх штомесячны даход не перавышаў памер бюджэту пражытачнага мінімуму. Для параўнання: у трэцім квартале мінулага года за мяжой беднасці былі 541,8 тысячы чалавек.
Больш за ўсё малазабяспечаных пражывае ў Берасцейскай вобласці — 8,6% ад усяго насельніцтва рэгіёна. Следам ідзе Гомельская вобласць — 8,1%. Ніжэй за ўсё гэты паказчык у Менску — 1,7%.
Больш за чвэрць менчукоў — 27,4% — штомесяц маюць суму больш за 600 рублёў. Да прыкладу, у Берасцейскай вобласці такой сумай у чацвёртым квартале маглі пахваліцца толькі 7,1% насельніцтва. Нагадаем, у мінулым годзе рэальныя наяўныя грашовыя даходы беларусаў склалі 92,7% да ўзроўню 2015 года. Гэта падзенне стала самым вялікім за апошняе дзесяцігоддзе. Напрыклад, у 2015 годзе беларусы збяднелі на 5,9%, у крызісны 2011-ы – на 1,1%.
Паводле finance.tut.by
Фота Ірыны Арахоўскай