У Бельску-Падляшскім праходзяць Дні габрэйскай культуры



Бельск-Падляшскі пад знакам габрэйскай культуры. У мясцовай Гарадской публічнай  бібліятэцы адбываюцца «Дні габрэйскай культуры – мы помнім». У першы дзень мерыпрыемства праходзіць прэзентацыя габрэйскіх звычаяў, музыкі ды страваў, побыту бельскіх габрэяў ды паказ фільму «Габрэйскі мікрараён»(„Dzielnica żydowska”) аўтарства Іранэўша Пракапюка.

Мерапрыемства пачалося з адкрыцця выставы «Здабыткі габрэйскай пісьменнасці», дзе можна паглядзець старадрукі са збораў Анджэя Вэрэса. Кажа збіральнік:

– Гэта шырокі раздзел габрэйскага пісьменства. Выданні, каментары, Торы, самы ранні старадрук датуецца 1500 годам. Прадстаўлена шмат арыгіналаў.  

У наступныя дні можна будзе між іншым прыняць удзел у майстар-класах па напісанні імён на старагабрэйскай мове, паслухаць даклады, прысвечаныя культуры ды гісторыі габрэяў і іх прысутнасці ў Бельску-Падляшскім. «Дні габрэйскай культуры – мы помнім» будуць праходзіць да суботы 4 сакавіка. Арганізатарам падзеяў выступілі Фонд аховы Бельскай зямлі ды Гарадская ўправа ў Бельску-Падляшскім. Больш падрабязнасцей пра мерапрыемства на сайце Гарадской публічнай бібліятэкі ў Бельску-Падляшскім.

[Not a valid template] 

Мацей Рацінеўскі, Беларускае Радыё Рацыя, Бельск-Падляшскі

Фота аўтара