Польшча запрасіла Беларусь узяць удзел у кніжным кірмашы ў Варшаве



Польшча запрасіла Беларусь узяць удзел у міжнародным кніжным кірмашы, які пройдзе ў Варшаве 18-21 траўня. Пра гэта ішла размова 2 сакавіка на сустрэчы пасла Польшчы Конрада Паўліка з міністрам інфармацыі Беларусі Ліліяй Ананіч, паведаміў БелаПАН прэс-сакратар дыпмісіі Марцін Вайцахоўскі.

„Пасол падзякаваў беларускаму боку за запрашэнне ўзяць удзел у Менскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы (Польшча сёлета ўдзельнічала ў выставе пасля доўгага перапынку. — БелаПАН.). Мы таксама перадалі афіцыйнае запрашэнне Беларусі ўзяць удзел у варшаўскай выставе”, — адзначыў Вайцахоўскі.

Паводле яго слоў, бакі зацікаўленыя ў прасоўванні беларускіх кніг у Польшчы і польскіх выданняў у Беларусі.

Прэс-сакратар пасольства адзначыў, што адной з тэм гутаркі было пашырэнне двухбаковага супрацоўніцтва ў інфармацыйнай сферы. „Акрамя таго, абмяркоўвалася шырокае кола пытанняў, тым больш што сёння адзначаецца 25-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж нашымі краінамі”, — падкрэсліў Вайцахоўскі.

Згодна з паведамленнем дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА, на сустрэчы беларускі бок прапанаваў Польшчы разгледзець магчымасць заключэння міжурадавага пагаднення аб супрацоўніцтве ў галіне друку і інфармацыі. На думку Ліліі Ананіч, „гэта стала б добрым сігналам для медыйнай сферы”. Міністр звярнула ўвагу, што Беларусь у медыясферы прытрымліваецца прынцыпаў добрасуседства, не дапускае распаўсюджвання дэструктыўнай інфармацыі ў дачыненні да іншых краін, і такая палітыка закліканая садзейнічаць развіццю канструктыўных міждзяржаўных адносін, у тым ліку з Польшчай.

Як адзначалася на сустрэчы, інфармацыя пра Беларусь запатрабаваная ў Польшчы, у значнай часткі польскай аўдыторыі ёсць магчымасць глядзець тэлеканал „Беларусь 24”. „Польшча ў сваю чаргу хацела б, каб у Беларусі трансляваліся польскія тэлеканалы, у прыватнасці тэлеканал „Культура” (TVP Kultura. — БелаПАН.). Абмяркоўваючы гэты момант, удзельнікі сустрэчы выказалі зацікаўленасць ва ўсталяванні супрацоўніцтва паміж тэлекампаніямі”, — гаворыцца ў паведамленні.

belapan.by