У Магілёве зарэгістраваная абласная арганізацыя БСДП (Грамада)
Першаму намесніку старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігару Барысаву 3 сакавіка ўручанае пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі Магілёўскай абласной партыйнай арганізацыі.
Як гаворыцца ў паведамленні БСДП, Магілёўская абласная арганізацыя партыі зарэгістраваная рашэннем галоўнага ўпраўлення юстыцыі Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта 1 сакавіка.
Старшынёй арганізацыі выбраная медык Наталля Шкадун, сказаў БелаПАН Ігар Барысаў, адзначыўшы, што некалькі месяцаў таму, у 2016 годзе, у органах юстыцыі вобласці была пастаўленая на ўлік Кастрычніцкая раённая арганізацыя БСДП у Магілёве. Гэта дало магчымасць для стварэння абласной структуры. Ленінская раённая арганізацыя ў Магілёве была зарэгістраваная яшчэ ў 2009 годзе.
Зараз у БСДП (Грамада) пяць зарэгістраваных або пастаўленых на ўлік у органах юстыцыі абласных арганізацый: Берасцейская, Віцебская, Гарадзенская, Магілёўская і Менская. Акрамя таго, зарэгістраваная Менская гарадская арганізацыя. Зарэгістраваных або пастаўленых на ўлік структур БСДП няма толькі ў адной вобласці — Гомельскай.
belapan.by