У Гомелі прайшло пасяджэнне аргкамітэта Руху па адмене Дэкрэта №3
У Гомелі прайшло адкрытае пасяджэнне аргкамітэта руху па адмене Дэкрэта №3, у межах якога абмяркоўваўся фармат Дня Волі. На сустрэчу, якая праходзіла ў двары грамадска-палітычнага цэнтра па вуліцы Палескай, прыйшло каля 100 чалавек.
Паводле намесніка старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіля Палякова, амаль палова з прысутных – гэта гомельцы, якія не з’яўляюцца сябрамі апазіцыйных арганізацый.
– На пашыраным пасяджэнні аргкамітэта было каля 40 чалавек, якіх я раней не бачыў і якіх я не ведаю. То бок, амаль палова ад агульнай колькасці ўдзельнікаў. У камітэт Руху за скасаванне дэкрэту №3 уваходзяць прадстаўнікі палітычных і грамадскіх аб’яднанняў Гомельшчыны, а таксама ўсе ініцыятыўныя людзі, якія гатовыя займацца падрыхтоўкай і правядзеннем “Маршаў недармаедаў”.
Актывіст незалежнага прафсаюза РЭП Андрэй Стрыжак мяркуе, што пераслед удзельнікаў і арганізатараў „Маршаў недармаедаў” не спыніць грамадскі пратэст.
– Людзі выходзяць не з-за таго, што іх нейкія грамадскія актывісты выводзяць, а таму што іх рэальна “заела”. Таму што яны не могуць больш трываць ціск улады і адносіны ўлады, якая пераходзіць усе межы. Сацыяльная дзяржава, пра якую так шмат гаворыцца, нават і на паперы ўжо не існуе.
„Марш недармаедаў” у Гомелі пройдзе 25 сакавіка. Такое рашэнне прынялі сябры гомельскага аргкамітэта Руху па адмене дэкрэта №3.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель