Мікалай Статкевіч: Беларускі рэжым увайшоў у стан сістэмнага крызісу



Беларускі рэжым увайшоў у стан сістэмнага крызісу. Пра гэта заявіў старшыня аргкамітэта па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі „Народная Грамада” Мікалай Статкевіч, выступаючы на XXV Кангрэсе сацыялістычнага інтэрнацыяналу, які праходзіць 2—4 сакавіка ў Калумбіі. Выступленне палітыка размешчана на яго персанальным сайце.

„Татальны кантроль над усімі дзяржаўнымі інстытутамі, электроннымі СМІ, грамадствам і народнай гаспадаркай доўгія гады дазваляў рэжыму захоўваць поўную ўладу над краінай. Але адсутнасць эканамічных свабод прывяла да дэградацыі і заняпаду амаль усіх галін прамысловасці. Расійскія датацыі ўжо больш не могуць падтрымліваць на плаву беларускую эканоміку . Іх памер зменшыўся ў сувязі са зніжэннем цэн на вуглевадароды”, — сказаў ён.

Паводле слоў палітыка, беларуская эканоміка знаходзіцца „ў глыбокай і працяглай рэцэсіі”. „Толькі за мінулы год падзенне ВУП у доларавым вымярэнні склала больш за 13%. Скарачаецца колькасць працоўных месцаў, змяншаюцца заробкі, расце эканамічная эміграцыя. У пошуках даходаў улады пайшлі нават на такі непапулярны крок, як падаткаабкладанне грамадзян, якія не маюць афіцыйных крыніц даходаў. У краіне расце сацыяльнае напружанне і нянавісць да дыктатара”, — лічыць ён.

Як адзначыў Статкевіч, каб атрымаць „манеўр у адносінах са сваім асноўным расійскім донарам і знайсці дадатковыя сродкі для захавання існуючай эканамічнай і палітычнай мадэлі”, беларускія ўлады вымушаныя шукаць падтрымкі ў дэмакратычных краін Захаду.

Таму, лічыць ён, паўтара года таму былі вызваленыя амаль усе на той час палітвязні, а рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці змянілі свае формы і напрамкі. „Турэмнае зняволенне зараз выкарыстоўваецца супраць праваабаронцаў і актывістаў маладзёжных арганізацый”, — падкрэсліў ён.

Самай масавай формай ціску на палітычную апазіцыю Статкевіч назваў фінансавыя санкцыі з боку ўлад. „Агульная сума грашовых штрафаў за ўдзел актывістаў у вулічных акцыях за год павялічылася ў сем разоў. Сярэдняя сума аднаго штрафу вышэйшая за  сярэднямесячную зарплату”, — сказаў ён.

Статкевіч таксама паведаміў, што вызваленыя пад міжнародным ціскам палітвязні па-ранейшаму не рэабілітаваныя. „Яны застаюцца пад наглядам спецыяльных органаў міліцыі і не могуць быць кандыдатамі на любых выбарах”, — адзначыў ён.

Незарэгістраваная Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная Грамада), старшынёй якой з`яўляецца экс-палітвязень Мікалай Статкевіч, восенню 2015 года атрымала статут паўнапраўнага члена Сацінтэрна. Да гэтага яна мела статус кансультатыўнага члена.

belapan.by