Актывісты Наталля Папкова і Андрэй Шарэнда – на волі (абноўлена)
Берасцейскую грамадскую актывістку Наталлю Папкову адпусцілі з псіхіятрычнага стацыянара “Плоска”.
Пра гэта адразу пасля суда над актывістам Андрэем Шарэндам паведаміла ейная паплечніца – Людміла Захаранка:
– Я размаўляла з Наталляй Папковай, літаральна паўгадзіны таму яе адпусцілі. Аказалася, не такая яна ўжо і „дурная”, пратрымалі ўсе выхадныя ў шпіталі, але ніякіх лекаў не давалі, ніхто за ёй асабліва не глядзеў, толькі каб не ўцякла. Сёння Наталлю адпусцілі. На жаль, яна пакуль не гатовая размаўляць з журналістамі. Два дні Наталля папрасіла перадыхнуць.
Сам Андрэй Шарэнда, якому за ачольванне калоны дэманстрантаў падчас акцыі супраць “дэкрэта аб дармаедстве”, якая адбылася 26 лютага ў Берасці, прысудзілі 25 базавых штрафу, так пракаментаваў змяшчэнне Наталлі ў лякарню:
– Метады прэвентыўнага затрымання могуць быць бруднымі. І ўлады ідуць на гэта, каб спыніць нашы акцыі. Проста яны бачаць, што пераступілі мяжу, і тое, што затрымалі Наталлю, – гэта брудная правакацыя.
Акрамя таго днямі мусіць адбыцца суд і над трэцім лідарам дэманстрантаў – бярозаўскім актывістам Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандрам Кабанавым. Ён здолеў схавацца ад прэвентыўнага затрымання і прыняць удзел у акцыі 5 сакавіка, але пасля яе быў затрыманы ўсё роўна. Акрамя таго, па звестках Шарэнды, у камерах РАУС Ленінскага раёна Берасця знаходзяцца ня меньш за пяць “анархістаў”.
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
* * *
Наталлю Папкову дагэтуль утрымліваюць у псіхіятрычнай лякарні. Калі выпусцяць з псіхіятрычнай лякарні берасцейскую грамадскую актывістку пакуль невядома. Пра гэта паведаміла ейная сястра Вольга Котава і актывістка Аб’яднанай грамадзянскай партыі Людміла Захаранка:
– Мы планавалі наняць адваката, але калі яе сястра з’ездзіла ў шпіталь, ёй сказалі, што можаце нават не спрабаваць, таму што ў шпіталь адваката не прапусцяць.
РР: А ўвогуле, нехта туды трапіць можа?
Людміла Захаранка: Была сястра, у яе вельмі ўважліва праверылі ўсе дакументы, толькі пасля гэтага яе дапусцілі на 10 хвілін да Наталлі.
Паралельна берасцейская грамадзянская супольнасць у судзе Ленінскага раёна Берасця адсочвае маючыя адбыцца працэсы над актывістамі Андрэем Шарэндам, Аляксандрам Кабанавым і пяццю “анархістамі”. На акцыях супраць Дэкрэту №3 “аб дармаедстве”, якія адбыліся 26 лютага і 5 сакавіка ў Берасці, яны разам з Наталляй Папковай ачольвалі калоны дэманстрантаў. “Калі скончацца судовыя працэсы і я не дачакаюся тэлефанавання ад Натталлі, то адразу выязджаю да лякарні”, – зазначыла Людміла Захаранка.
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце