У Гародні не дазволілі мітынг супраць “дэкрэта аб дармаедах”



Адмову ў правядзенні мітынга супраць „дэкрэту аб дармаедах” атрымалі гарадзенскія актывісты. Планавалася, што мітынг пройдзе 15-га сакавіка ў Дзень Канстытуцыі краіны ў Каложскім парку.

Такім чынам, гарадзенскія ўлады „не захавалі чалавечага твару” адмоўнай рэзалюцыяй, кажа Вадзім Саранчукоў, старшыня гарадзенскай рады партыі БНФ, адзін з заяўнікаў мітынгу:

– Нічога новага. Нагадаю, што з канца 90-х актывісты ні разу яшчэ не атрымлівалі дазволу на правядзенне мерапрыемстваў. Мне здаецца, што гэта зусім нелагічны крок, таму што гэта была магчымасць гарсавету зрабіць крок насустрач тым людзям, якія незадаволеныя Дэкрэтам №3 і ўвогуле сітуацыяй, якая адбываецца. На жаль, гарвыканкам па-ранейшаму выбраў тактыку канфрантацыі і не здольны і не мае жадання вырашаць праблемы людзей.

Як паведаміў Вадзім Саранчукоў, заяўка ў гарадзенскі выканаўчы камітэт была пададзена паводле існуючага заканадаўства аб правядзеньні масавага мерапрыемства.  Але ліст, які прыйшоў за подпісам чыноўніцы Зоі Кулешы, зьняпраўдзіў такое сцверджанне. І не пакінуў шанцаў на санкцыянаваны характар будучага мерапрыемства.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня