Андрэй Палуда: Пра мараторый для смяротных прысудаў гаварыць яшчэ рана



Пра тэндэнцыю на негалосны мараторый смяротнага пакарання пакуль казаць складана. У нашым эфіры кіраўнік ініцыятывы «Правабаронцы супраць смяротнага пакарання» Андрэй Палуда пракаментаваў чарговы судовы працэс у Менску. За забойства трох чалавек два менчукі прыгавораныя да пажыццёвага зняволення, хаця пракурор прасіла вышэйшую меру пакарання – смяротны прысуд. Вырак суддзі аказаўся больш лагодным. Хаця мінулы год быў багатым на смяротныя прысуды, – прыгадвае Андрэй Палуда.

– У 2016 годзе было вынесена 4 смяротныя прысуды. Сур’ёзным індыкатарам можа стаць прысуд у Нароўлі, які ўжо назначаны на 16 сакавіка. Пракуратура запрасіла ў суда вышэйшую меру пакарання ў выглядзе смяротнага прысуду. Гэтымі дня былі асуджаны 6 чалавек, у адносінах якіх могуць быць вынесены смяротныя прысуды, гэтыя працэсы мы адсочваем.

У Менску 23-гадовы Вячаслаў Сухарка і 44-гадовы Аляксандр Жыльнікаў, абвінавачаныя ў забойстве трох чалавек прыгавораныя да пажыццёвага зняволення ў калоніі асаблівага рэжыму і канфіскацыі маёмасці. Трэці фігурант крымінальнай справы — 27-гадовая Аліна Шульганава — да 12 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Прысуд абвешчаны 6 сакавіка калегіяй па крымінальных справах Менскага гарадскога суда пад старшынствам Максіма Лапко.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя