У Берасці прайшлі суды над „анархістамі”
У Судзе Ленінскага раёна Берасця прайшлі адміністрацыйныя працэсы над мясцовымі “анархістамі”. Хлопцаў пакаралі арыштамі за ўдзел у пікеце і шэсці супраць Дэкрэту №3 “аб дармаедстве”, што адбыліся ў Берасці 5 сакавіка.
У будынак суда на Леванеўскага ня здолелі трапіць усе, бо працэсы вяліся ўжо пасля заканчэння працоўнага дня, аднак актывістцы АГП Людміле Захаранцы “пашчасціла” трапіць на іх:
– Судзілі іх па адным у розных залах паралельна. Таму тым, хто быў на працэсе, прыйшлося падзяліцца. Я бачыла два суды над Казлянкам і Леўчуком. Усё стандартна. Сведкі – зноў міліцыянты, якія “пазналі” хлопцаў, хоць тыя былі ў балаклавах і ўсе былі адзеты ў чорнае.
Вядома, што ўчора асуджаны былі як мінімум чатыры чалавекі. “Таксама не выключаем, што ў сутарэннях Ізалятара часовага ўтрымання пры РАУС Ленінскага раёна Берасця, што ў Паўночным гарадку, могуць утрымлівацца яшчэ прадстаўнікі субкультурных груповак “анархістаў”. Усіх асуджаных затрымлівалі ўвечары нядзелі, 5 сакавіка, адразу пасля “антыдармаедскай” акцыі.
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце