У Гародні быў затрыманы грамадскі актывіст Ежы Грыгенча (абноўлена)



Гарадзенскі актывіст Ежы Грыгенча адпушчаны з міліцыі. Актывіста затрымалі ўвечары супрацоўнікі АМАП-у ў цывільным і даставілі ў аддзяленне ўнутраных спраў Кастрычніцкага раёну Гародні. Прагучалі абвінавачанні ў расклейванні ўлётак з заклікам збірацца на акцыю супраць дэкрэту “аб дармаедах” 15-га сакавіка ў парку Жылібера. Актывіст кажа, што адмовіўся даваць тлумачэнні:

– Хацелі ўзяць тлумачальную, але я сказаў, што тлумачыць не буду, маю права па законе, усе тлумачэнні дам у судзе. Сказалі, каб так і напісаў, я ім так і напісаў. Напрыканцы далі мне паперку, што правялі са мной прафілактычную работу, каб я больш не парушаў законы.

Актывіст таксама падпісаў пратакол асабістага дагляду, падчас якога ў яго канфіскавалі 32 улёткі з заклікам на акцыю. У аддзяленні актывіст правёў каля гадзіны. Ён кажа, што затрыманне і размова ў РАУС-е праходзілі спакойна, яму нават вярнулі клей.

Ежы Грыгенча быў актыўным удзельнікам акцыі супраць дэкрэта № 3, якая адбылася ў Гародні 19 лютага. Пазней на яго склалі адміністрацыйны пратакол.

***

У Гародні затрыманы грамадскі актывіст Ежы Грыгенча. Актыўны ўдзельнік маршу НеДармаедаў у Гародні, актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі, затрыманы супрацоўнікамі міліцыі і дастаўлены ў Кастрычніцкі РАУС Гародні.

Пра гэта нам паведаміў сябра праваабарончага цэнтру “Вясна” Віктар Сазонаў, якому актывіст патэлефанаваў непасрэдна з аддзялення ўнутраных спраў:

– Сказаў, што яго вінавацяць у тым, што расклейваў улёткі, якія запрашаюць людзей прыйсці на мітынг 15 сакавіка ў парк Жылібера ў 18 гадзін. Паколькі ўлады не дазволілі мітынг на Дзень Канстытуцыі ў парку Каложскім, то Ежы сказаў, што ён прыйдзе ў парк Жылібера, каб выступіць супраць дэкрэта дармаедаў, куды, відавочна, будуць збірацца іншыя людзі, бо так заклікалі на мінулым мітынгу НеДармаедаў.

***

Ежы Грыгенча, актыўны ўдзельнік маршу НеДармаедаў у Гародні, актывіст АГП, затрыманы 7-га сакавіка супрацоўнікамі міліцыі і дастаўлены ў Кастрычніцкі РАУС Гародні. Па папярэдніх дадзеных яго звінавачваюць у тым, што ён расклейваў улёткі, якія запрашалі грамадзян гораду прыйсці на акцыю 15-га сакавіка ў Дзень Канстытуцыі.

Праз некаторы час грамадска-палітычнага актывіста адпусцілі. Ад тлумачэнняў у РАУСе Ежы Грыгенча адмовіўся.

Беларускае Радыё Рацыя