У Берасці пададзена заяўка на правядзенне шэсця ў Дзень Волі



У Берасцейскі гарвыканкам 7 сакавіка пададзена заяўка на правядзенне 25 сакавіка шэсця з нагоды Дня Волі.

Як паведаміў БелаПАН праваабаронца, актывіст руху „За Свабоду” Раман Кісляк, заяўнікам акцыі выступіў баранавіцкі актывіст руху „За Свабоду” Аляксандр Слабодзін.

Мэта акцыі — павіншаваць жыхароў горада з 99-й гадавінай абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, паказаць важнасць ідэі нацыянальнага самавызначэння і незалежнасці Беларусі.   Правядзенне шэсця плануецца па дзвюх цэнтральных вуліцах горада.

„Гэта патрыятычнае свята. І людзі павінны мець магчымасць сабрацца і прайсці па цэнтры горада, каб яшчэ раз прыцягнуць увагу да значнасці захавання незалежнасці нашай краіны”, — падкрэсліў Кісляк.