У Менску адкрылася выстава карцін беларускіх музыкаў



Першая выстава карцін беларускіх музыкаў адкрылася ў прасторы ЦЭХ. На ёй сабраныя абсалютна розныя па змесце і выкананні працы васьмі творцаў, вядомых найперш сваёй музычнай дзейнасцю. Гэтая экспазіцыя закліканая паказаць розныя бакі самавыяўлення творчай асобы, а таксама паразважаць над актуальнай для Беларусі праблемай свабоды творчасці.

[Not a valid template] 

„Мне асабіста, як меламану быў цікавы другі бок свядомасці маіх любімых музыкаў. Магчыма, гэта той бок, які яны не могуць давыказаць у сваёй музыцы. Магчыма, гэта такая кропля, якой ім не хапае, каб раскрыцца”, – адзначае арганізатар выставы Віталь Зыблюк.

– Ведаю, з якімі цяжкасцямі і складанасцямі сутыкаюцца беларускія музыкі пры тым таленце, якім яны валодаюць. Таму хацелася зрабіць штосьці такое, што б распавядала пра праблему нашых музыкаў, але не трывіяльна: не проста сказаць, што ёсць чорныя спісы, а хацелася паказаць пазітыў. Мы сабралі выставу карцін музыкаў, якія ў розныя часы мелі праблему з арганізацыяй канцэртаў. Гэта спосаб паказаць, што музыка, як яго не забараняй, – найперш творца. І ён выявіцца па-рознаму.

Падчас адкрыцця выставы арганізатары прапанавалі і шырокую музычную праграму. На вечарыне зайгралі Юры Стыльскі, Алег Хаменка, Ігар Варашкевіч, Андрусь Такінданг. А завяршэннем імпрэзы стаў асобны сэт ад гурту “Re1ikt”.

[Not a valid template] 

Таксама ў прысутных была ўнікальная магчымасць прыватна паразмаўляць з улюбёнымі творцамі і даведацца пра гісторыю і адметнасці іх прац. Нечаканыя рознабаковасці мастацкіх экперыментаў знакамітых музыкаў уразілі не колькі наведвальнікаў экспазіцыі, але і паплечнікаў па сцэне.

Сваімі ўражаннямі падзяліўся лідар гурту „Палац” Алег Хаменка:

– Я ўвогуле не ведаў, што Юры Стыльскі малюе, ягоных прац раней не бачыў. Вельмі хацеў бы яшчэ пабачыць творы Ганны Жданавай. Дагэтуль бачыў толькі адну працу Андруся Такінданга. Канешне, творы Алеся Таболіча ўжо бачыў. Ён іх выкладаў. І Ігара Варашкевіча, акрамя аднаго твора, усе прадстаўленыя на выставе бачыў раней, бо мы шмат гадоў сябруем. Вельмі спадабалася апошняя карціна Лявона Вольскага. Гэтыя сонечныя дахі, якія ён стварыў, па колерах, на мой погляд, сапраўды вельмі крутая праца.

[Not a valid template] 

Выстава „Музыка без межаў” працягне працу да 19 сакавіка. Цягам гэтых дзён плануюцца сустрэчы-экскурсіі і музычныя сэты з удзелам Лявона Вольскага, Ганны Жданавай ды гурту “Znich”.

Алена Вільтоўская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтаркі