На трасе Беласток–Саколка сышоў з рэек цягнік
На трасе Беласток–Сувалкі – праблемы з чыгуначным спалучэннем. Гэта звязана з тым, што ў мясцовасці Геніюшы, каля Саколкі, уначы з рэек сышоў таварны цягнік. Агулам вывернуліся сем вагонаў, якія перавозілі драўняную стружку. Ніхто не пацярпеў.
У выніку інцыдэнту было пашкоджанае чыгуначнае палатно і электрычныя правады. У сувязі з гэтым спынена пасажырскае спалучэнне на трасе. Пасажыры цягніка Гродна-Беласток-Варшава-Кракаў і іншых рэгіянальных рэйсавых цягнікоў маюць на адрэзку Беласток-Саколка перавозіцца бясплатнымі аўтобусамі.
Кажа старшыня беластоцкага адзялення кампаніі «POLREGIO» Ярослаў Глязэр:
— Ад Беластока да Чорнай Беластоцкай ездзяць нашы цягнікі, а потым з Саколкі у напрамку Сувалак ці Кузніцы ездзяць аўтобусы паводле раскладу. На жаль, бываюць спазненні.
Як доўга працягнуцца гэтыя складанасці невядома.
Беларускае Радыё Рацыя