Прыфронтавы дзённік Уладзіслава Ахроменкі: Як пачынаюцца сучасныя войны?



Кіеўскія ўлады сарамліва называюць гэты канфлікт “Антытэрарыстычнай аперацыяй”, але кожны, хто бываў на Усходзе Украіны, ведае, што там ідуць поўнамаштабныя вайсковыя дзеі.

 

У зоне ўзброенага канфлікта пабываў пісьменнік і карэспандэнт Беларускага Радыё Рацыя Уладзіслаў Ахроменка. Ён спыняўся зусім блізка пазіцый баявікоў, бачыў наступствы вайны і размаўляў з самымі рознымі людзьмі: вайскоўцамі, уцекачамі, высокапасадоўцамі, пацярпелымі ад абстрэлаў і нават жыхарамі з самаагалошанай “ЛНР”.

Сучасныя войны не пачынаюцца з масіраваных артабстрэлаў, уваходаў у гарады танкавых калон і каменданцкай гадзіны. Першапачатковая мэта сучаснага акупанта – пераканаць людзей, прызначаных для акупацыі, што ён, акупант, насамрэч прыйшоў тых людзей не забіваць, а вызваляць.

І галоўнае тут падабраць трапныя словы. Увесну 2014 года расейскае тэлебачанне, характэрызуючы сітуацыю ва Украіне, такія словы знайшло:

– Эти кровожадные Турчинов, Яценюк, Кличко, они просто хотят стереть Донбасс с лица земли! Вечный позор киевской хунте! Люди будут выходить на все улицы, они будут перекрывать дороги, чтобы не допустить этих киевских карателей, киевских нацистов!.»

(тэлеканал NewsFront)

Ключавыя словы, “хунта” і “карнікі”, былі абраныя нездарма. Слова “хунта” апелюе да свядомасці таго пакалення савецкіх людзей, якое памятае праграмы “Час” і рэпартажы пра “крывавую хунту Піначэта”. А слова “карнікі” адразу стварае цэлую палітру вобразаў: спаленыя вёскі, шыбеніцы на плошчы, скачанелыя трупы і звераватыя нацысты з зондэркамандаў у форме Вермахта…

Аднак у хуткім часе пісьменна сфабрыкаваныя страшылкі пра “хунту” і “карнікаў” завалодалі шырокімі народнымі масамі на Данбасе. Але ці адпавядалі тыя страшылкі рэальнаму стану рэчаў?

Распавядае жыхар Севераданецка Арыф Багіраў, сведка падзеяў весны 2014 г.

– Уся гэтая істэрыя нагняталася звонку. Ніякія “бандэры” і “майданутыя” нікога не забівалі і не рэзалі. Людзі глядзелі расейскае тэлебачанне, чыталі расейскія інтэрнэт-рэсурсы. А у нас тут – багата расейцаў, якія разносілі тыя жахі па горадзе. Істэрыя нагняталася штодня…

Але чаму людзі давалі веры відавочным бздурам? Галоўны рэдактар севераданецкага тэлеканала “Ірта” Ірына Козырава – карэнная луганчанка, і ведае сітуацыю ў краі знутры:

– Далася ў знакі найперш савецкая адукацыя, савецкая ментальнасць: свята верыць таму, што паказваюць па тэлевізары. Памятаеце, за часамі СССР быў  такі Першы тэлеканал, які потым стаў “ОРТ”, то людзі, якія тое тэлебачанне глядзелі, свята яму верылі. А ў 2014 годзе Луганскую вобласць, якая цяпер фактычна акупаваная, пазбавілі ўкраінскага тэлебачання і ўкраінскага радыё. То і атрымалася, што ўсю інфармацыю людзі атрымлівалі толькі з адной крыніцы – розных там ”LifeNews” “Россия 24” і гэтак далей. У траўні 2014 года, і асабліва ўлетку, тут пачалася страляніна. Людзі былі напружаныя і знерваваныя, і таму давалі веры самым неверагодным чуткам і самай прымітыўнай тэлевізійнай брахні. Калі чулі недзе за колькі кіламетраў стрэлы і выбухі – адразу думалі, што гэта прыйшлі львоўскія бандэраўцы, каб іх забіваць…

У Кіеве, аднак, занадта позна ўцямілі, што супраць Украіны ідзе поўнамаштабная інфармацыйная вайна. Так, прынамсі, мяркуе дырэктар севераданецкай філіі Луганскага тэлеканала “ЛОТ” Андрэй Шапавалаў:

– Поўнамаштабная вайна, інфармацыйная агрэсія. Чалавек па сваёй сутнасці схільны верыць міфам, і толькі зусім малая частка людзей не ўспрымае падобнай прапаганды… Ну як, каб па тэлевізары, ды каб брахалі?! Такога не можа быць! Людзі не разумелі, што імі проста маніпулявалі. І ўсё тут залежыць выключна ад сумлення людзей, якія займаюцца інфармацыйнай палітыкай. А на ўсходзе ад нас – сучасныя гебельсы…

Як бы то ні было, але інфармацыйная атака дасягнула мэты. Пра далейшыя падзеі на Луганшчыне распавядае намеснік старшыні Луганскай вайскова-цывільнай адміністрацыі Юрый Кліменка:

–  Інфармацыйная атака аказалася трапнай. Распаўсюджвалася такое: маўляў, па хуткім часе тут з’явацца нейкія зверы з Заходняй Украіны, якія ўсіх будуць забіваць за расейскую мову. А таму нам, луганчанам, маўляў, трэба тэрмінова прасіць абароны ў “Старэйшага Брата” з Расеі, каб нас абаранілі ад забойстваў і катаванняў. Вы ж самі выдатна разумееце: ніхто і нікога тут забіваць не збіраўся. Але ж людзі верылі ў адваротнае…

Прадчуванне кепскага – доля неўротыкаў. Але ж інфармацыйнае поле Беларусі прасякнутае расейскімі прапагандысцкімі тэлеканаламі, бы тымі метастазамі, у такой жа ступені, як і ўкраінскае ўвесну 2014 года.

І прадчуванне гэтага – не толькі ў мяне.

Андрэй Шапавалаў:

– Вельмі хачу засцерагчы беларусаў ад магчымых правакацый. Бо тое, што мы бачым у інфармацыйным полі Беларусі – практычна калька луганскіх падзеяў увесну 2014 года.

Увесну 2014 года ва Украіне таксама не верылі, што інфармацыйная вайна можа перайсці ў вайну звычайную…

Юрый Кліменка:

– Упершыню Луганская вобласць была абстраляная з тэрыторыі Расейскай Федэрацыі з гарматаў калібраў больш за 100 мм. І з  “Градаў”. Тады было багата ахвяраў… Пасля чаго пачаліся заходы рэгулярных расейскіх войскаў.  

Сярод тых ахвяраў расейскіх “Градаў”, між іншым, былі і тыя, хто свята верыў расейскаму тэлебачанню, бегаў па вуліцах з расейскімі трыколерамі і лямантаваў: “Россия, введи войска!..»

Рубежнае (недалёка ад Севераданецка). 21. 04. 2014 г. Прарасейскія сепаратысты атакуюць мітынг украінскіх патрыётаў.

[Not a valid template]

На фота: Сённяшні Севераданецк. Быў захоплены сепаратыстамі 7 траўня 2014 г., вызвалены 23 ліпеня 2014 г. 

У кожны аўторак і чацьвер на хвалях Беларускага Радыё Рацыя ў 08:50 і 17:50 (паводле беларускага часу)  і 06.50 і 15.50 (паводле польскага часу) слухайце расповеды Уладзіслава Ахроменкі, прысвечаныя  падзеям на Усходзе Украіны.

У наступнай перадачы вы пачуеце пра найжахлівейшую страшылку расейскай прапаганды, якая адыграла ці не самую рашучыю ролю ў распальванні вайны.

Беларускае Радыё Рацыя