Судовы канвеер у Маладэчне (абноўлена)



Праваабарончаму цэнтру «Вясна» стала вядома, што ў дзевяць раніцы 11 сакавіка ў Маладэчанскім раённым судзе разглядалася справа актывіста Алеся Абрамовіча, які быў затрыманы напярэдадні за ўдзел у «Маршы недармаедаў».

 

Суддзя Інэса Южык вынесла рашэнне аштрафаваць Абрамовіча на 50 базавых велічынь па арт. 23.34 КаАП (арганізацыя і ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). Вядома, што сведкам на судзе выступаў намеснік начальніка Маладэчанскага РАУС Яўген Жылінскі.

Каля 11 гадзін раніцы распачаўся суд над старшынёй Руху „За Свабоду” Юрасем Губарэвічам. У выніку разгляду справы лідэр Руху атрымаў 15 сутак арышту. Таксама адбыўся суд над актывісткай БХД Вольгай Кавальковай. Яна асуджана на 7 сутак арышту.

Лідар АГП Анатоль Лябедзька атрымаў 15 сутак арышту.

Актывіст БХД Віталь Рымашэўскі таксама асуджаны на 15 сутак.

Спіс асуджаных на тэрміны ад 7 да 15 сутак за ўдзел у акцыі „Марш недармаедаў” у Маладэчне:

Лябедзька Анатоль Рымашэўскi Вiталь Бондар Iлля Панамароў Аляксандр Губарэвiч Юрась Аўсянiк Ягор Радкевiч Яуген Голуб Андрэй Гмыза Александр Гмыза Анатоль Кавалькова Вольга

Увечары 10 сакавіка пасля завяршэння «Маршу недармаедаў» у Маладэчне пачаліся затрыманні актывістаў. Акрамя Алеся Абрамовіча затрымалі мінскіх актывістаў апазіцыі – Юрася Губарэвіча, Анатоля Лябедзьку, Вольгу Кавалькову і Віталя Рымашэўскага, журналіста БелаПАН Сяргея Каралевіча, а таксама некалькіх іншых удзельнікаў акцыі. Усіх даставілі ў Маладэчанскі РАУС.