У Воршы – вобшукі і блакады



У Воршы праваахоўныя органы, як і напярэдадні загадаў Аляксандр Лукашэнка, дзейнічаюць на апярэджанне. У горадзе спрабуюць не дапусціць выхаду людзей на вуліцы, блакуюць дзейнасць грамадскіх актывістаў ды журналістаў, якія едуць на акцыю. Паведамляе наш карэспандэнт Кастусь Багушэвіч, у якога дома міліцыянты зараз нібыта шукаюць фальшывую валюту.

Вобшук працягваецца далей. Праверылі ноўтбукі — там нічога. Праверылі гісторыю браўзера, прынтар, які стаіць дома і гады два ўжо не працуе. Зараз правяраюць кнігі, якіх у мяне шмат. Пераглядаюць усё. Маю інфармацыю, што ў аднаго грамадскага актывіста ўжо скончыўся ператрус. У Анташкевіча. У іншых яшчэ працягваецца. Я чуў, што Ігнаценка і Казмярчак заблакаваныя ў сваіх кватэрах, не могуць выйсці, бо ў пад’ездзе міліцыя. Але з ператрусамі да іх ніхто не прыходзіў. Актывіста «Гавары праўду!» Грышанава затрымалі на запраўцы на ўездзе ў горад. Што з ім зараз – я не ведаю. Думаю, затрымаюць на 3 гадзіны, каб той не трапіў на акцыю. Таксама я чуў, што за журналістамі, якія ехалі з Менска, сачылі ад самага Талочына. Частку журналістаў заблакавалі на чыгуначным вакзале для праверкі дакументаў і не выпускаюць пакуль. На самой плошчы ў Воршы гучыць расейская поп-музыка. Відаць, як і планавалася, будуць глушыць.

У Воршы зранку, напярэдадні акцыі пратэсту, адбываецца ператрус у актывіста Канстанціна Анташкевіча і журналіста Беларускага Радыё Рацыя Арцёма Сізінцава, актывістку Валянціну Ігнаценку заблакавалі дома, а таксама па адрасе, дзе прапісаны рэдактар рэгіянальнага сайта xn--sha-red.eu Ігар Казмерчак, прыйшлі супрацоўнікі міліцыі.

Паводле orsha.eu