«Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса»



Маленькую гераіню ангельскага пісьменніка Льюіса Кэрала – Алісу, ведаюць ва ўсім свеце. Цяпер пра яе прыгоды ў залюстрэччы беларусы могуць прачытаць і на роднай мове.

У Менску ў кнігарні «Галіяфы» прайшла прэзентацыя перакладу казкі «Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса».

Гаворыць дырэктар выдавецтва «Галіяфы» Зміцер Вішнёў.  

— Вера Бурлак зрабіла шыкоўны пераклад на беларускую мову, як на мой погляд. Ён проста вельмі нязвыклы, як і сама кніга. Ды й сама Вера Бурлак — вельмі творчы чалавек, а мне здаецца пераклад гэтага твору мог зрабіць толькі надзвычай творчы чалавек. Мастачка Кацярына Дубовік працавала, калі мы звярнуліся да яе, больш за год. Імпрэза паказала вялікую цікаўнасць публікі, людзей вельмі многа прыйшло Таму, я думаю, што ўсё прайшло вельмі цудоўна.  

З’яўленне папяровай версіі беларускага перакладу “Алісы” стала магчымым, дзякуючы краудфандынгу на інтэрнэтпляцоўцы “Вулей”. Выдавецтва загадзя размясціла на яе старонках інфармацыю пра намер выдаць кнігу, а тыя, хто жадаў падтрымаць праект, пералічылі грошы на яго рэалізацыю.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:  

Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара