Магчымасці Беларусі выйсці з ЕАЭС роўныя нулю?
Верагоднасць выхаду Беларусі з Еўразійскага эканамічнага саюза нікчэмная, лічыць старэйшы аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) Дзяніс Мельянцоў. Пра гэта ён заявіў БелаПАН, каментуючы магчымасці краіны па адстойванні сваіх інтарэсаў у межах ЕАЭС.
Як паведамлялася, увесь мінулы тыдзень Менск і Масква абмяркоўвалі ўмовы гандлю энерганосьбітамі ў межах Еўразійскага эканамічнага саюза. Беларускія ўлады заявілі пра неабходнасць выраўноўвання коштаў на энерганосьбіты ў межах Еўразійскага эканамічнага саюза, а прэм’ер-міністр Расеі Дзмітрый Мядзведзеў падкрэсліў, што расійскі газ у межах ЕАЭС ужо прадаецца са скідкай. Паводле яго слоў, цана газу для краінаў, якія выйдуць з Еўразійскай саюза, можа вырасці да 200 долараў за тысячу кубаметраў.
„ЕАЭС — палітычны праект Расеі, нягледзячы на тое, што ў яго назве прысутнічае слова „эканамічны”. Дзякуючы Еўразійскаму саюзу Масква дэманструе сваю здольнасць быць цэнтрам аб’яднання краін. Выйсці з ЕАЭС Беларусь не можа, бо гэта будзе прамы выклік Расеі, якая ў адказ можа ўзмацніць як эканамічны націск супраць Менска, так і ініцыяваць палітычны”, — падкрэсліў Мельянцоў.
Беларусь моцна залежыць ад еўразійскага саюза, канстатуюць эксперты, таму калі б і хацела, не зможа пакінуць інтэграцыйнае аб’яднанне.
„Беларусь залежыць ад Расеі і ў гандлёвым, і ў фінансавым плане, таму ўявіць, што беларускія ўлады прымуць рашэнне выйсці з еўразійскага саюза, немагчыма. Верагоднасць такога развіцця падзей практычна роўная нулю”, — адзначыў у размове з карэспандэнтам БелаПАН эканаміст Антон Балточка.
З іншага боку, канстатаваў ён, чаканых дывідэндаў Беларусь ад удзелу ў еўразійскім саюзе пакуль так і не атрымала. У прыватнасці, інтэграцыйныя дамоўленасці ў ЕАЭС аб выраўноўванні коштаў на энерганосьбіты да гэтага часу не выкананы.
„Асноўным інтэграцыйным фактарам, які ў 2014-м аб’яднаў краіны ЕАЭС, выступаў рэсурсны патэнцыял Расеі. З тых часоў пад уплывам заходніх санкцый рэсурсаў у Расеі стала менш і жаданне дзяліцца імі ў Масквы таксама знізілася”, — рэзюмаваў Балточка.