У Бабруйску працягваецца пераслед актывістаў



Бабруйскія ўлады шчыльна ўзяліся за мясцовых актывістаў. Актывіст Максіма Лубінскі атрымаў 5 сутак арышту, Вольга Аўдзейчык – штраф у дзве базавыя. Разгляд судовай справы Максіма Буйніцкага перанесены на 16 сакавіка, але ён пакуль знаходзіцца пад вартай. Дома ў Максіма быў вобшук – супрацоўнікі забралі два ноўтбукі і флэшку. У залі суда адпусцілі маладога актывіста Аляксея Раманава. Суд над ім таксама перанесены. Да суда актывісты знаходзіліся спачатку ў адзяленні РАУС, а пасля ў ізалятары часовага ўтрымання.

Пра ўмовы ўтрымання распавёў Аляксей Раманаў:

– Затым перасадзілі ў іншую камеру, дзе сядзіць неахайна апрануты чалавек. Вакол лужы з крывёю. Гэтаму чалавеку кепска было, яму скорую выклікалі. У нашай камеры – жах. Мача, рвотныя масы. Там нерэальна сядзець. Мы 13 гадзін прасядзелі ў гэтай камеры.

Апроч таго, затрыманы былы палітвязень Яўген Васьковіч. Суд над ім мусіць адбыцца ў аўторак 14 сакавіка. На гутарку да вядомага падпалкоўніка Сяргея Рудзько выкліканыя старшыня мясцовай філіі РЭП Галіна Смірнова і актывістка Інга Судзілоўская. Таксама ў Гарадское ўпраўленне ўнутраных спраў выклікалі Юрыя Грынявіцкага. Паколькі актывіст запатрабаваў абаронцу, яго адпусцілі і загадалі з’явіцца ў сераду, 15 сакавіка. Актывісты кажуць, што ў дачыненні да іх таксама „шыюць” справу за арганізацыю і ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

***

У панядзелак, 13 сакавіка, распачаліся суды над бабруйскімі актывістамі, затрыманымі напярэдадні маршу недармаедаў. Сярод іх – кінарэжысёр Максім Буйніцкі. Яго судзілі за тое, што ён быццам парушаў грамадскі парадак.

Максім Буйніцкі:

– Паведамілі аб пачатку адміністрацыйнай справы па артыкуле 21.14, гэта значыць нанясенне шкоды будынкам. Мяне выклікаў інспектар Малахаў, які нефармальна паведаміў, што ён на мяне завядзе справы па трох артыкулах, у тым ліку за арганізацыю мерапрыемстваў 26-га лютага і 12 сакавіка. І паказаў раздрукоўкі старонак у сацыяльных сетках. Прынеслі пастанову аб тым, што накладзены арышт на мабільны тэлефон. Так я даведаўся, што ёсць другі адміністрацыйны працэс па артыкуле 17.1 – гэта парушэнне грамадскага парадку, нібыта, крычаў і размахваў рукамі.  

Судовае слуханне па справе Максіма Буйніцкага перанесенае на 16 сакавіка а 14.30, бо ён заявіў хадайніцтва аб прысутнасці абаронцы. Пакуль што актывіст знаходзіцца пад вартай. Ад пачатку затрымання ён трымае галадоўку.

***

Працягваюцца судовыя пасяджэнні ў Бабруйску, дзе напярэдадні прайшла акцыя пратэсту супраць дэкрэта №3, а таксама супраць эканамічнай і сацыяльнай палітыкі ўладаў. З будынка суда перадае нашая карэспандэнтка Алена Вільтоўская:

– Прайшоў суд над Максімам Лубінскім, яго пакаралі 5-цю суткамі арышту. Атрымліваецца, што ён павінен адсядзець яшчэ 3-е сутак. Вольга Аўдзейчык аштрафаваная на 2 базавыя. Таксама чакаецца разгляд справы Аляксея Раманава. Ён  выклікаў сведкам Максіма Буйніцкага, які таксама зараз знаходзіцца ў будынку Бабруйскага раённага суда. Чакаем падрабязнасцяў па справе Аляксея і Максіма.

* * *

Паўторныя пратаколы складаюць на бабруйскіх актывістаў. У Першамайскі РАУС Бабруйска прывезлі затрыманых у суботу Максіма Буйніцкага, Аляксея Раманава, Вольгу Аўдзейчык і Максіма Лубінскага. Суд над Буйніцкім перанесены, бо ён заявіў хадайніцтва пра абарону. У РАУСе знаходзіцца таксама прафсаюзная лідарка –  Галіна Смірнова:

– Суды ўжо прайшлі сёння. Але зноў выклікаюць і складаюць новыя пратаколы. Спачатку “хуліганку” ім прыпаялі. Судзілі за тое, што яны махалі рукамі і прыставалі да пахожым. Ніякіх іншых абвінавачванняў не выстаўлялася. А зараз яны ўжо абвінавачваюць у арганізацыі несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў.

Аляксей Раманаў

Максім Лубінскі

Алеяксей Раманаў і Максім Буйніцкі

 Аляксей Раманаў

Фота Алены Вільтоўскай

Акрамя затрыманых у суботу актывістаў, у Першамайскім РАУСе Бабруйска таксама знаходзіцца былы палітвязень Яўген Васьковіч, якому падпалкоўнік Сяргей Рудзько толькі з трэцяга разу здолей уручыць позву. Паводле Галіны Смірновай, менавіта Рудзько займаецца адміністрацыйным пераследам бабруйскіх актывістаў у сувязі з «маршамі недармаедаў» у гэтым горадзе.

***

У кватэру былога палітвязня Яўгена Васьковіча, пасля спробы АМАПаўцаў трапіць у кватэру, прыехаў міліцыянт з позвай, паведаміла кіраўнік прафсаюзу РЭП у Бабруйску Галіна Смірнова, якая знаходзілася на месцы.

—  Прыехаў міліцыянер і прынёс павестку, якую, я звярнула ўвагу, склалі неналежным чынам, не напісалі у якасці каго яго ўвогуле будуць дапытваць. Таму мы адправілі міліцыю аформіць дакумент належным чынам. Праз нейкі час прыехаў ужо Руцько, які вядзе ўсю гэтую справу і дапытвае усіх і прывёз павестку сам. Па дарозе пазванілі і сказалі, што Юру Грынявецкага зноў прыехалі забралі з працы і адвезлі ў РАУС. 

Юрыя Грынявіцкага паводле словаў Галіны Смірновай затрымалі паўторна на працы. Сёння ў Бабруйску таксама працягваюцца суды над затрыманымі яшчэ ў суботу актывістамі.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя