Гомельскіх апазіцыянераў спрабуюць судзіць у экстраным парадку



Гомельскіх дэмакратычных актывістаў масава выклікаюць у суды.

На мабільныя тэлефоны ўдзельнікаў „маршаў недармаедаў” прыходзяць смс-паведамленні, у якіх паведамляецца пра неабходнасць з’явіцца ў суд цягам некалькіх гадзін. Сын палітвязня Юрыя Рубцова Віктар, намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў і блогер Максім Філіповіч атрымалі аднолькавыя смс-паведамленні з суда. У паведамленнях ад актывістаў патрабуюць з’яўлення ў судзе Цэнтральнага раёна Гомеля ў дзень атрымання смс. Некаторыя актывісты не могуць трапіць у суд па аб’ектыўных прычынах. Віктар Рубцоў не паспявае з’явіцца на працэс на прызначаны час. А вось палітык Васіль Палякоў увогуле знаходзіцца па-за межамі Беларусі. Паводле Васіля Палякова, „улады абралі такую тактыку, каб ізаляваць апазіцыянераў напярэдадні Маршу-2 у Гомелі. І, відаць, атрымалі загад зрабіць гэта як мага хутчэй”.

Наступны „судны дзень” у Гомелі адбудзецца 17 сакавіка, калі ў судзе будуць разглядаць справы ў дачыненні да Уладзіміра Кацоры, Леаніда Судаленкі, Андрэя Макарава, Мікалая Пяшко, Дзмітрыя Сабурава і яшчэ некалькіх апазіцыянераў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель