Лідар Магілёўскай абласной арганізацыі АГП арыштаваны на 15 сутак
Суд Ленінскага раёна Магілёва прыгаварыў да 15 сутак арышту старшыню Магілёўскай абласной арганізацыі АГП Уладзіміра Шанцава па абвінавачанні ў арганізацыі несанкцыянаванай акцыі пратэсту.
З 14 сакавіка Шанцаў знаходзіўся ў Ленінскім РАУС Магілёва. Раней у дачыненні да палітыка быў складзены адміністрацыйны пратакол, дзе ён абвінавачваўся ў арганізацыі несанкцыянаванай акцыі супраць дэкрэта „аб дармаедах”, якая прайшла ў Магілёве 19 лютага і ў якой узялі ўдзел каля 1.000 чалавек.
Суд прайшоў употай ад грамадскасці, паведаміў актывіст Аляксандр Сілкоў. Паводле яго слоў, людзі, якія прыйшлі да суда рана раніцай, нават не маглі даведацца, які суддзя і калі будзе весці працэс, каб патрапіць на пасяджэнне. Пра тое, што палітыку далі 15 сутак адміністрацыйнага арышту, людзі змаглі даведацца, толькі калі Шанцава вывелі з будынка суда, каб павезці ў ІЧУ.
Як паведаміў незалежны журналіст Алесь Асіпцоў, працэс па справе Шанцава вяла суддзя Ірына Ланчава, яна вядомая арыштамі журналістаў у 2011 годзе.
Як паведамлялася, 14 сакавiка суд Ленінскага раёна Магілёва арыштаваў на 15 сутак каардынатара аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Алега Аксёнава. Апазіцыянер абвінавачваўся ў правядзенні несанкцыянаванай акцыі пратэсту 19 лютага. Па гэтай жа справе праходзіць і кіраўнік АГП Анатоль Лябедзька, які адбывае 15 сутак адміністратыўнага арышту за ўдзел у акцыі пратэсту 10 сакавіка ў Маладзечне.
Аксёнаў і Шанцаў з’яўляюцца заяўнікамі „Маршу недармаедаў” у Магілёве 15 сакавіка.
БелаПАН
Фота: gazetanm.eu