Віктар Карняенка: Улада і сама зразумела, у якую “лужыну” села



Палітык Віктар Карняенка разважае пра “законнасць” дэкрэта аб “дармаедах”.

Увядзенне збору на фінансаванне дзяржвыдаткаў адпавядае Канстытуцыі. Пра гэта сказана ў адказе Канстытуцыйнага суда на электронныя звароты грамадзян па дэкрэце №3.

Віктар Карняенка: Пра якую незалежнасць Канстытуцыйнага суда можна казаць, калі ён корміцца з рук улады? Гэта тое самае, што казаць пра незалежнасць Цэнтрвыбаркама. Гэтая публіка будзе рабіць усё што заўгодна для таго, каб апраўдаць нязменнасць існуючай улады, якой сёння сапраўды супрацьстаіць моцная народная хваля. І тое, што пачалося па ўсёй Беларусі, сведчыць, што нахабная ўлада перайшла тую мяжу, якую не павінна была пераходзіць.

РР: А што думаеце пра законнасць самога дэкрэта?

Віктар Карняенка: Абсалютна зразумела, што гэты дакумент парушае правы грамадзян, бо мы бачым гвалтоўны прымус да працы. Улада не можа вырашыць свае эканамічныя праблемы, не можа вырашыць праблему беспрацоўя, і ў той жа час не знаходзіць нічога лепшага, як залезці ў кішэню да беларусаў. І залезці яшчэ глыбей, чым рабіла гэта раней. Улада і сама зразумела, у якую “лужыну” села, а таму пачала адкручваць сітуацыю назад. Таму пра законнасць няма што і казаць. Проста мы бачым спробу вырашыць праблему, якую сама ўлада і арганізавала, за кошт насельніцтва, якое і так даведзена да жабрацкага існавання.

А тое, што ў краіны няма грошай, гэта не зусім так. Знаходзяцца сродкі на розныя лядовыя калядныя турніры, палацы і рэзідэнцыі… А вось на пенсіі і вырашэнне пытання таго ж беспрацоўя грошай няма. У многіх краінах беспрацоўным плоцяць, калі чалавек не можа працаўладкавацца, а ў нас яшчэ і падатак прыдумалі. Унікальная сітуацыя!

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя