Уладзімір Няпомняшчых: трое сутак і штраф 25 базавых (абноўлена)



У судзе Цэнтральнага раёна адбыўся разгляд справы сябра Аб’яднанай грмадзянскай партыі Уладзіміра Няпомняшчых. Палітыка абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы, супраціве міліцыі і ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве, якое адбылося 19 лютага ў Гомелі. У сукупнасці Уладзімір Няпомняшчых атрымаў 3 сутак адміністрацыйнага арышту і штраф у памеры 25 базавых велічыняў (575 рублёў).

Актывіста з ужываннем грубай фізічнай сілы затрымалі зранку 15 сакавіка, калі Уладзімір Няпомняшчых спрабаваў патрапіць у Менск. Праз некалькі гадзінаў пасля затрымання актывіста даставілі ў суд Цэнтральнага раёна. Супрацоўнік АМАП Курбачоў дае паказанні ў судзе, што Уладзімір Няпомняшчых нецэнзурна лаяўся і аказваў непадпарадкаванне. У судовай залі таксама знаходзяцца два міліцыянты з дэпартамента аховы, два ў цывільным і адзін падпалкоўнік.

Затрыманага зранку 15 сакавіка Уладзіміра Няпомняшчых даставілі ў аддзяленне ўнутраных справаў Адміністрацыі Цэнтральнага раёна. У міліцыі актывісту спатрэбілася медычная дапамога. Як распавёў Уладзімір Няпомняшчых, ягоная рука была ў крыві. Медыкі, якія прыехалі па выкліку, сур’ёзных траўмаў не зафіксавалі, але паставілі палітыку абязбольваючы ўкол.

У міліцыі палітык напісаў скаргу з просьбай распачаць крымінальную справу па факце ягонага збіцця пры затрыманні супрацоўнікамі праваахоўных органаў.

На фота: міліцыянты даставілі Уладзіміра Няпомняшчых у суд Цэнтральнага раёна.

На фота: байцы АМАП, якія затрымлівалі Уладзіміра Няпомняшчых.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель