Лукашэнка: Еўразвяз – гэта наймагутны полюс разам з Кітаем, ЗША
На сустрэчы з намеснікам прэм’ер-міністра, міністрам замежных і еўрапейскіх спраў Бельгіі Дзідзье Рэйндэрсам у Менску 15 сакавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ён з’яўляецца „праціўнікам падвойных стандартаў, якія часам можна заўважыць у дзейнасці ЕЗ”.
„Таму я хацеў бы, каб Еўрапейскі Звяз адпавядаў тым дэкларацыям, якія ён прапануе ўсяму свету: сумленнасць, прыстойнасць, дэмакратычнасць. Калі б вы ўважліва паглядзелі на Беларусь, то ўбачылі б тут і правы чалавека, і дэмакратыю, і парадак, і бяспеку для людзей. Мы таксама не без недахопаў, як і вы. Але трэба размаўляць, трэба быць бліжэй адзін да аднаго. Трэба, калі ў вас ёсць вопыт, прапаноўваць і перадаваць яго. Мы гатовыя вучыцца. Але прашу, майце на ўвазе адно: для нас святыя суверэнітэт і незалежнасць”, — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што выступае за шматпалярны свет і захаванне Еўрапейскага Звяза. „Еўразвяз — гэта наймагутны полюс разам з Кітаем, Злучанымі Штатамі Амерыкі. Еўрапейскі Звяз — гэта магутная апора для планеты, калі яна знікне — быць бядзе. Таму ўсе вашы „брэксіты” і нацыяналістычныя рухі я не ўспрымаю. Чаго б ні каштавала, Еўрапейскі Звяз трэба захаваць. Гэта не мая асабістая пазіцыя (хоць і асабістая), гэтая пазіцыя зыходзіць з міжнародных дзяржаўных інтарэсаў. Чым больш апор, тым больш устойлівая сістэма. Таму я прыхільнік Еўрапейскага Звяза”, — сказаў Лукашэнка.
Ён запэўніў, што Беларусь заўсёды будзе працаваць на аб’яднанне і стабільнасць у Еўропе. „Ваш візіт знакавы, і ад яго вельмі многае залежыць. Не толькі ў нашых двухбаковых адносінах, але і ў нашых адносінах з вашай імперыяй (Еўрапейскім Звязам). Я магу вам гарантаваць: вы заўсёды ў нашай асобе будзеце бачыць краіну, якая будзе працаваць на аб’яднанне, на стабільнасць у Еўропе. Мы і ў цяжкія часы вам праблем не стваралі, і ў будучыні ніколі гэтых праблем не створым”, — сказаў Лукашэнка.
Візіт бельгійскага міністра праходзіць на фоне масавых затрыманняў і судоў над удзельнікамі акцый пратэсту супраць дэкрэта № 3 аб сацыяльным утрыманстве ў Беларусі. Паводле звестак праваабаронцаў, з 3 сакавіка за ўдзел у мірных акцыях пратэсту ў краіне было затрымана больш за 100 чалавек.
12 сакавіка прэс-сакратар Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Мая Качыянчыч заявіла, што „затрыманні і прысуды мірным дэманстрантам, у тым ліку лідарам апазіцыйных рухаў, знаходзяцца ў супярэчнасці з абвешчанай Беларуссю палітыкай дэмакратызацыі”. „Еўрапейскі Звяз застаецца прыхільным да стабільнай, дэмакратычнай і паспяховай будучыні Беларусі на карысць яе народа і працягне сваю працу над гэтай мэтай. Мы заклікаем да неадкладнага вызвалення затрыманых”, — падкрэсліла яна.
13 сакавіка кіраўнік прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі Андрэа Віктарын заявіла, што еўрапейскі бок сочыць за развіццём сітуацыі ў Беларусі.