Міліцыя адмаўляецца прымаць перадачы для Яўгена Васьковіча



Сям’ю затрыманага актывіста, былога палітвязьня Яўгена Васьковіча папярэдзілі, што ня будуць прымаць перадачаў, пакуль не атрымаюць грошай за ўтрыманне.

Нагадаем, Васьковіча пакаралі 15 суткамі арышту за ўдзел у «маршы недармаедаў» у Бабруйску 12 сакавіка.

Сёння перадачу з цёплымі рэчамі ўсё ж прынялі, яе прынёс дзядзька затрыманага. Распавядае жонка Яўгена Александрына Васьковіч:

— Ён прыйшоў у ІЧУ, з вялікай цяжкасцю да іх прабіўся і, калі нарэшце ён трапіў унутр, у яго ўзялі перадачу, але сказалі, што калі заўтра не будзе поўнай аплаты за побыт Яўгена там, дык перадачаў ужо не будуць браць. За магчымасць прынесці чалавеку нармальную ежу яны вымагаюць грошы. Там далёка не пяцізоркавы гатэль, там стаіць адно вядро, няма ракавіны…

Заплаціць трэба 172 з паловай рублі. Мажліва часткамі. Алексадрына Васьковіч гатовая аддаць гэтыя грошы, каб у мужа было нармальнае харчаванне, бо ён мае праблемы са здароўем.

Стас Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя