У Баранавічах затрыманы Мікалай Чарнавус



У Баранавічах 15 сакавіка затрыманы індывідуальны прадпрымальнік і грамадскі актывіст Мікалай Чарнавус, паведаміў БелаПАН мясцовы праваабаронца Сяргей Гоўша.

Паводле яго слоў, прыкладна ў 15.30 каля будынка суда Баранавіцкага раёна і горада Баранавічаў два чалавекі ў цывільным адзенні схапілі Чарнавуса і пацягнулі да аўтамабіля, які стаяў побач.

„Калі людзі спрабавалі яго адбіць, падбеглі яшчэ некалькі чалавек, таксама ў цывільным адзенні. Яны зацягнулі Чарнавуса ў машыну і павезлі, — дадаў праваабаронца. — Я паведаміў пра гэта ў Баранавіцкі ГАУС. Там мне заявілі, што Мікалая Чарнавуса даставілі да іх для размовы. Інакш як паляваннем на актывістаў, падчас якога супрацоўнікі міліцыі дзейнічаюць як бандыты, назваць гэта нельга”.

Гоўша падаў адпаведную скаргу ў Баранавіцкую міжраённую пракуратуру.

Праваабаронца нагадаў, што 15 сакавіка суд Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы асудзіў сына Чарнавуса — Мікалая Чарнавуса (актывіста Аб’яднанай грамадзянскай партыі) па ч. 2 арт. 23.34 КоАП на 12 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у акцыі супраць дэкрэта „аб дармаедах”, якая прайшла ў Баранавічах 26 лютага.

За ўдзел у гэтай жа акцыі Міхаіл Стрэльчык і Барыс Шырынга прызнаныя вінаватымі па ч. 1 арт. 23.34 КоАП і аштрафаваныя на 15 базавых велічыняў (345 рублёў) кожны. Яны простыя грамадзяне, якія выступалі за адмену дэкрэта.

У судзе Мікалаю Чарнавусу-малодшаму стала дрэнна. Яго забрала выкліканая хуткая дапамога.