З беларускай мовай у новы навучальны год
Ліцэі з навучаннем беларускай мовы ў Бельску Падляшскім і Гайнаўцы працягваюць набор вучняў на новы навучальны год.
У ІІ Агульнаадукацыйным ліцэі імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску класы ўжо фактычна запоўнены. Як кажа дырэктар гэтай навучальнай установы Андрэй Сцепанюк, дакументы можна яшчэ данесці да 12-ай гадзіны 10-га ліпеня, але толькі ў клас з кірункам: гісторыя, веды пра грамадства, англійская або руская мовы:
– Мы вырашылі ў гэтым годзе, што будзем прымаць у 4 класы. І, дзякуй Богу, так сталася, што гэтыя 4 класы паўстануць. Чаму кажу “дзякуй Богу”? Бо маем па ўсім Бельскім павеце каля 600 выпускнікоў гімназій. І калі 103 асобы вырашылі, што хочуць вучыцца ў нашым ліцэі, то, я думаю, гэта добры вынік.
Андрэй Сцепанюк адзначае, што сёлета дакументы ў ліцэй склалі вучні з 10-ці гімназій, і не толькі з Бельска Падляшскага, а таксама з Орлі, Ягуштова, Боцькаў, Кляшчэляў ды іншых мясцовасцяў.
У комплексе школ з дадатковым навучаннем беларускай мовы ў Гайнаўцы сітуацыя крыху іншая. Як кажа дырэктар Яўген Сачко, у гімназію набіраюць два класы, і яшчэ можна даносіць дакументы:
– Калі гаварыць пра ліцэй, то ў гэтым годзе мы набіраем 3 класы. Гэта клас А, дзе будзе паглыблена вывучацца матэматыка і фізіка, клас Б – хімія і біялогія, а таксама гуманістычны клас, дзе будуць вывучаць гісторыю, польскую мову. І ў кожным з гэтых класаў ёсць вольныя месцы.
Набор у Гайнаўскім комплексе школ адкрыты, пакуль не будуць запоўненыя класы. Дырэктар Яўген Сачко таксама адзначае спад колькасці вучняў у гэтым годзе, у параўнанні з мінулымі гадамі.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя