Рэальныя грашовыя даходы насельніцтва знізіліся на 4,5%



Рэальныя наяўныя грашовыя даходы насельніцтва Беларусі за студзень 2017 года знізіліся на 4,5% да ўзроўню такога ж леташняга перыяду, паведаміў Белстат.

У агульным аб’ёме грашовых даходаў аплата працы займае 60%, даходы ад прадпрымальніцкай і іншай дзейнасці, якая прыносіць даход, — 8,2%, трансферты насельніцтву (пенсіі, дапамогі, стыпендыі і іншыя трансферты насельніцтву) — 25,6%, даходы ад уласнасці і іншыя даходы — 6,2%.

Даходы насельніцтва змяншаюцца з 2015 года. У студзені 2016 года зніжэнне склала 5,4% да студзеня 2015 года, у студзені—лютым да аналагічнага перыяду папярэдняга года — 6,4%, студзені—сакавіку — 6,5%, студзені—красавіку — 6,8%, студзені—маі, студзені—чэрвені і студзені—ліпені — 7%, студзені—жніўні — 7,1%, студзені—верасні — 7,2%, студзені—кастрычніку — 7,3%, студзені—лістападзе — 7,5%, за 2016 год — на 7,3%.

Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2016—2020 гады закладзены рост рэальных наяўных грашовых даходаў насельніцтва ў 2020 годзе ў адносінах да 2015 года на 9,5—11,6%.

Аляксандр Лукашэнка заяўляе, што ў 2017 годзе сярэдняя зарплата „кроў з носу” павінна вырасці да 500 долараў ЗША.

Каментуючы раней БелаПАН прычыны такога значнага падзення даходаў насельніцтва, кіраўнік Навукова-даследчага цэнтра Мізеса Яраслаў Раманчук назваў скарачэнне інвестыцый, падзенне канкурэнтаздольнасці беларускай эканомікі і прадукцыйнасці працы, адток прадпрымальнікаў і іх матэрыяльных актываў, страты беларускіх вытворцаў на знешніх рынках. „Трэба прызнаць, што ўзровень даходаў, які заяўлены ўладамі, мае хутчэй палітычны і ідэалагічны характар, але ніяк не быў абумоўлены выразным эканамічным падмуркам. Зараз ідзе адаптацыя таго, што мы можам зарабляць, да таго, што мы зарабляем на справе”, — сказаў Раманчук.

Пры гэтым ён лічыць, што неаднаразовае паўтарэнне Лукашэнкам задачы для ўрада ў 2017 годзе дасягнуць сярэдняга ўзроўню зарплат у 500 долараў „з’яўляецца ўсяго толькі мантрай”. „Гэтая мантра ніякага тэарэтычнага і практычнага разліку не мае. Гэта толькі заявы пра тое, што трэба жыць дружна, багата і з добрым здароўем”, — мяркуе эканаміст.

belapan.by

Фота tut.by