У Светлагорску хуткая збіла 15-гадовую дзяўчынку
У Светлагорску машына хуткай дапамогі збіла 15-гадовую дзяўчынку. Гэта здарылася 17 сакавіка, каля 19.25, недалёка ад чыгуначнага пераезду ў раёне шостага мікрараёна Светлагорска, паведамляе мясцовае выданне „Ранак”.
Карэта „хуткай” рухалася па вуліцы Сацыялістычнай з боку вуліцы Авіяцыйнай і ўчыніла наезд на дзяўчынку, якая перасякала дарогу злева направа. Яна выбегла на дарогу з-за аўтамабіля, які стаяў. Зараз пацярпелая знаходзіцца ў рэанімацыі светлагорскай бальніцы.
Паводле інфармацыі медыкаў, у пацярпелай дыягнаставана закрытая чэрапна-мазгавая траўма, удар лёгкіх, яе стан ацэньваецца як стабільна цяжкі. Дзяўчынка знаходзіцца на штучнай вентыляцыі лёгкіх, яна ў коме.
Відавочцаў гэтага дарожна-транспартнага здарэння просяць паведаміць у Светлагорскую ДАІ па тэлефонах: 5-17-17, 8 (044) 730-59-44.