Старадаўняя сядзіба ў Гнезне



Сакавіцкая пара – не найлепшая для вандровак і фатаграфавання. Аднак пасля зімы і тлуму гарадоў хочацца хутчэй вырвацца на прыволле і паназіраць за абуджэннем прыроды, пабываць у гістарычных мясцінах, пахадзіць даўнімі сцежкамі. У мясцовасці Гнезна сучаснага Ваўкавыскага раёну апошні раз мне даводзілася бываць амаль дваццаць гадоў таму, так што зараз хацелася на свае вочы пабачыць, што змянілася ў гэтай мясціне.

Беларускае Гнезна (не блытаць з старадаўняй сталіцай Польшчы!), якое размешчана на беразе рэчкі Нятупа (прыток Росі), ведама яшчэ з першай паловы 15 стагоддзя. Належала яно роду Манівідаў гербу “Ляліва”. У 1449 годзе Вялікі князь ВКЛ і кароль Польшчы Казімір Ягелончык падараваў мясцовасць Мікалаю Вайшвіловічу. Наступнымі ўладальнікамі былі Мікалай Шэмет і яго нашчадкі.

Сядзіба ў Гнезне – адна з старадаўніх забудоваў на тэрыторыі Ваўкавыскага павету. У 18 стагоддзі яна належала Ромерам. У 1812 Гнезна было моцна разбурана ў час расейска-французскай вайны. З 1814-га і да 1937-га сядзіба была ў руках роду Тарасевічаў. У 1937-ым маёнтак купілі Сташэўскія, але неўзабаве прыйшлі бальшавікі.

Сядзібны палацык быў забудаваны каля 1835 году. Акрамя сядзібнага будынку захаваліся некаторыя гаспадарчыя пабудовы – лядоўня, стайня, іншыя мураваныя будынкі, раскіданыя на вялікай тэрыторыі. У 1866-67 гадах тут дзеіла суконная мануфактура. Захаваліся таксама рэшткі старога парку з старымі брамамі і мураванай агароджай. Сёння ў Гнезнаўскай сядзібе размяшчаецца мясцовы сельсавет, а таксама некаторыя культурніцкія ўстановы – прыкладам філіял Вярэйкаўскай дзіцячай музычнай школы. Побач з сядзібай маляўнічая сажалка. А ў былых гаспадарчых пабудовах працуе сельскае вытворчае прадпрыемства.

[Not a valid template]Асаблівая перліна Гнезна – старажытны касцёл, але пра яго больш падрабязна пазней асобна.

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара