У Віцебску ўлады забаранілі мітынг да Дня Волі



Адміністрацыя Чыгуначнага раёна Віцебска адмовіла ў заяўцы на правядзенне мітынгу 25 сакавіка. Адмову атрымаў сябар КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў.

Актывіст падкрэслівае, што дазволу пыталіся з мэтаю правесці ўрачыстую імпрэзу ў вызначаным уладамі месцы.

Абласное ўпраўленне МУС спасылаецца на закон «Аб масавых мерапрыемствах», які не прадпісвае аніякіх папярэдніх дамоваў. Але гарвыканкам у 2009 годзе «ўдасканаліў» заканадаўства на свой капыл. Таму напярэдадні сёлетняга Дня Волі па дамовы з адказнымі службамі ніхто ўжо не звяртаўся.

«Па дамовы мы не звярталіся. І заяўку падавалі, не спадзеючыся на дазвол. Толькі каб пераканацца, што нічога не змянілася. Вядома, кволая надзея была — у Менску ж вулічныя акцыі дазваляюць. Аднак у Віцебску забараняюць па-ранейшаму», – адзначыў Ян Дзяржаўцаў.

Невядома чаму, але віцебскія ўлады днямі вырашылі нагадаць, што ў горадзе вызначаны ажно тры месцы для правядзення масавых акцыяў. На сайце гарвыканкама пералічаны тыя тры аддаленыя ад цэнтра паркі, у тым ліку і Парк культуры і адпачынку чыгуначнікаў, дзе не дазволілі правесці мітынг актывістам КХП БНФ. Пра невыканальныя для заяўнікаў умовы атрымання дазволу віцебскія ўлады не згадалі, паведамляе svaboda.org.