Уладзімір Мацкевіч: Калі змены і магчымыя, то толькі фіктыўныя



Лукашэнка чарговы раз загаварыў пра змены дзяржаўнага ладу і Канстытуцыі. У час сустрэчы з кіраўніком казахскага парламенту ў Менску кіраўнік Беларусі пахваліў Казахстан за змены ў Канстытуцыі і назваў іх прыкладам для Беларусі.

„Хацелася б каментаваць дзеянні, а не чарговыя словы,” – адзначае палітолаг і філосаф Уладзімір Мацкевіч.

– Без  перамоваў, атрыманых з ціскам на ўлады, канешне, яны будуць рабіць толькі дэкаратыўныя, толькі фіктыўныя змены. Менавіта, каб пагасіць пратэсты. Гэта як з дэкрэтам №3. Лукашэнка нешта нагаварыў пра тое, што нібыта дэкрэт замарожваецца. Але ж нічога канкрэтнага не было сказана. Гэта толькі балбатня. І яны такім чынам і будуць імкнуцца далей гасіць пратэсты, не робячы нічога істотнага, але ж каб трохі знізіць градус напружанасці.

У сакавіку парламент Казахстана, які сфармаваны з праўладных дэпутатаў, прыняў змены ў 19 артыкулаў Канстытуцыі. Адзін з артыкулаў гаворыць пра асаблівы статус Елбасы — лідара нацыі Нурсултана Назарбаева, які нязменна кіруе Казахстанам з 1989 года і за гэты час толькі ўмацоўваў сваю аўтарытарную ўладу. Акрамя таго казахская апазіцыя бачыць у зменах спробу стварыць асаблівы эканамічны клімат у краіне для ўзбагачэння сям’і Назарбаева і набліжаных да яго.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя