Беларусь і Польшча абмяркуюць адкрыццё пункта пропуску „Сафіева-Ліпчаны”
Адкрыццё пешаходна-веласіпеднага пункта пропуску „Сафіева-Ліпчаны” абмяркуюць 23-24 сакавіка ў Гародні на пасяджэнні падкамісіі па пытаннях пунктаў пропуску і інфраструктуры беларуска-польскай міжурадавай каардынацыйнай камісіі па справах трансгранічнага супрацоўніцтва, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення спорту і турызму Гарадзенскага аблвыканкама Алег Андрэйчык.
„У парадку дня пасяджэння – пытанне аб унясенні змяненняў у дагавор паміж урадамі Беларусі і Польшчы па пытаннях памежных пераходаў. З польскім бокам будзе абмяркоўвацца пытанне стварэння міжнароднага пешаходнага (з выкарыстаннем ровараў) пункта пропуску” Сафіева-Ліпчаны „, – паведаміў Алег Андрэйчык. Па яго словах, падчас гэтага паседжання плануецца дасягнуць канкрэтных дамоўленасцей з польскім бокам, органамі памежнай і мытнай службаў Беларусі і Польшчы аб адкрыцці гэтага пункта пропуску для пешаходаў і веласіпедыстаў.
Наступным этапам плануецца адкрыццё пераходу і для міжнародных пасажырскіх і грузавых аўтамабіляў вагой да 3,5 т. Стварэнне гэтага пункта пропуску на Аўгустоўскім канале дазволіць у два разы скараціць шлях ад Гародні да Аўгустова (да 57 км).
Таксама на выхадзе рашэнне аб адкрыцці для велатурыстаў пункта пропуску „Рудаўка-Лясная” на Аўгустоўскім канале. Па звестках Алега Андрэйчыка, беларускі бок цалкам гатовы да гэтай падзеі, ратыфікаваныя неабходныя дакументы па змяненні статусу пункта пропуску з сезоннага воднага на водна-пешаходны і веласіпедны. „Чакаем завяршэння міждзяржаўнай працэдуры польскім бокам. Разлічваем, што пункт пропуску зменіць свой статус ужо да пачатку цёплага турыстычнага сезону”, – дадаў ён.