Прыфронтавы дзённік. Частка 5. “ЛНР, як яна ёсць. Vox populi”



Абрэвіятуры з трох літар “ЛНР” ці “ДНР” асацыююцца ў нашай свядомасці выключна з вайною, сепаратызмам і ўцекачамі, у тым ліку і ў Беларусь. Інфармацыі пра тое, як тое, як насамрэч жывуць людзі ў той жа непрызнанай ЛНР, у нас вобмаль. Калі мы пра тую Луганшчыну што і ведаем – то толькі з расейскіх тэлеканалаў.

 

Станіца Луганская – рэаліі

Главные новости приходят с Донбасса. Украинские сепаратисты, называющие себя националистами, окончательно отделяют его. Сколько раз они визжали о «русском агрессоре», сколько людей арестовали за одну только мысль, что и народ, даже на Донбассе, имеет столько же прав, сколько и майданная толпа! Зато пенсии и пособия в Донецк и Луганск из Киева никто не присылает уже третий год!..

(Анатоль Васерман, перадача “Адкрытым тэкстам”)

Адзінае месца на лініі размежавання паміж Луганшчынай, падкантрольнай Украіне, і Луганшчыне непадкантрольнай, дзе можна легальна перайсці з адной Луганшчыны ў другую – пункт пропуска ў Станіцы Луганская. Чэргі тут даўжэзныя, прытым большасць людзей – “з таго боку”, якія акурат і прыехалі па пенсіі і грашовую дапамогу з Кіева. Толькі ў Севераданецку ўкраінскую пенсію атрымліваюць каля 50 тысяч жыхароў ЛНР.

Алена Мікалаеўна, пенсіянерка з Луганска: Пенсіі людзі атрымліваюць тыя, якія ў свой час зарабілі працай ва Украіне. Усё выплачваецца стабільна… А тое, што дае ЛНР – дзякуй ім, але то ж не пенсіі.

Як жывуць людзі ў ЛНР? Чаму вязуць у Луганск столькі прадуктаў? Ці хапае ім пенсіі, якую атрымліваюць у тым жа Севераданецку?

Пенсіянеркі з Луганска: Выжываем. Гэта не жыццё, а здзек! Усё задорага – не па нашых пенсіях.

Але пенсіянеры, як не дзіўна – самыя заможныя людзі ў ЛНР. А як жывуць астатнія? Якія зарплаты, ці ёсць беспрацоўе?

Жыццё працягваецца: для дзетак зладзілі Масленіцу

Распавядае Валерый Ганчароў, былы рабочы Луганскага цеплавозабудаўнічага завода:

Калі да вайны я працаваў на заводзе, у нас была каля васьмі з паловай тысяч грыўняў. Але ж там шалёнае беспрацоўе. На маім участку было каля 160 чалавек, а засталося 15. Куды падзеліся астатнія? Выкінулі… За што людзі жывуць? За што змагаліся, тое і атрымалі…  

Хадзіць тут катэгарычна забаронена: “расцяжкі” і расейскія снарады, якія неразарваліся! На заднем плане – тэрыторыя ЛНР

Ад Луганска да лініі фронта – каля дзесяці кіламетраў. Ці адчуваецца там вайна?:

Аляксандр Мальцаў, кіроўца аўтобуса, жыхар мікрараёна на ўскраіне:

На вуліцах іх няшмат – прынамсі, у маім раёне. Калі людзі ў камуфляжах, якія ездзяць на машынах без нумароў, прытым машыны тыя відавочна крадзеныя, і калі тьакія людзі паводзяць сябе адпаведным чынам – гэта відавочна з “ЛНР”. Ну, вы  разумееце, пра што я, не буду расказваць. У маім мікрараёне ёсць паліклініка, дык там стаіць “Град” і ўвесь час страляе. Побач – радзільня. Вы ўяўляеце, які там жах, калі жанчыны нараджаюць?

Але ж калі задаю пытанне – “ці падабаецца вам цяперашняя луганская ўлада?”, людзі адразу замыкаюцца.

Таццяна Паўлаўна, жыхарка Луганска: А якая менавіта ўлада – украінская ці расейская? Мне ўсё адно, якая тут будзе ўлада… Абы не было вайны!

Ёсць, праўда, і іншыя меркаванні. Наталля Журпенка была змушаная ўцячы з Луганска ў далёкім ужо 2014 годзе. Але ж пра жыццё ў ЛНР ведае добра: у горадзе засталіся яе сваякі і сябры.

Чаму з’ехала? Нам прыставілі аўтаматныя ствалы да жыватоў і сказалі: маеце колькі гадзінаў, каб адсюль з’ехаць. То бок, дзякуй яшчэ, што тыя колькі гадзінаў нам далі. З’ехала я, што называецца, “у чым была”, ніякіх рэчаў з сабой узяць не дазволілі. А я тады год прабыла ў ложку, быў пералом пазваночніка, і толькі-толькі пачала хадзіць. З’ехаць я змагла толькі ў Станіцу Луганская – проста фізічна не магла ехаць куды далей. Як там цяпер жывуць? Сярод маіх луганскіх сяброў засталіся толькі тыя, хто не здрадзіў Украіне. Тыя, якія сядзяць і чакаюць, калі туды прыйдзе ўкраінская армія. І такіх  у Луганску, паверце, вельмі і вельмі багата, куды больш, чым тут думаюць. Як жывецца? Вельмі і вельмі цяжка. Майго добрага прыяцеля забралі на “падвал”… “Падвал” – гэта месца, дзе катуюць людзей. Займаецца гэтым мясцовае Міністэрства Дзяржаўнай Бяспекі. А забралі за праўкраінскую пазіцыю. Катавалі яго доўга, потым паказалі па Луганскай тэлевізіі – маўляў, кіеўскі карнік і тэрарыст. Але ж хлопец той паводзіў сябе і тады вельмі годна, хаця і выглядаў пагана. Якія яшчэ суды? Там няма судоў, няма адвакатуры, няма таго, што адрознівае цывілізаваную краіну ад нецывілізаванай… То бок, на паперы ўсё гэта ёсць. Але ўсё гэта не працуе, гэта фікцыя…

Пункт пропуска паміж Луганшчынай, падкантрольнай Украіне, і Луганшчынай, падкантрольнай сепаратыстам

Пакуль замірэнне паміж Украінай і непрызнанай ЛНР чыста фармальнае.  З абодвух бакоў страляе артылерыя, б’юць мінамёты, але ж людзі з Луганска па-ранейшаму едуць у Севераданецк, Запарожжа, Кіеў і Днепр. І пункт пропуска ў Станіцы Луганская – адзінае месца, якое звязвае Украіну з прывідным і пачварным залюстроўем, якое вядомае нам, як “Луганская Народная Рэспубліка”.

Паміж пасёлкам Шчасце і Станіцай Луганская. Ці не самы лепшы ўчастак дарогі.

* * *

У кожны аўторак і чацьвер на хвалях Беларускага Радыё Рацыя ў 08:50 і 17:50 (паводле беларускага часу)  слухайце расповеды Уладзіслава Ахроменкі прысведчаны   падзеям на Усходзе Украіны.У наступнай перадачы вы дазнаецеся, як праходзіць дзень у тыповай прыфронтавай вёсцы на Луганшчыне.

Беларускае Радыё Рацыя