На Гарадзеншчыне зафіксавана незвычайная птушка



Беларускія назіральнікі за птушкамі зафіксавалі чырвонаваллёвую казарку – незвычайны для Беларусі від птушак. Гэта адбылося паміж вёскамі Ярмолічы і Алекшыцы, што ў Бераставіцкім раёне Гарадзенскай вобласці.

Пра птушку распавядае Зміцер Вінчэўскі – рэдактар сайта “Птушкі штодня”.

– Статус віда – пад глабальнай пагрозай. Гняздуе выключна ў тундрах Расеі. І амаль палова сусветнай папуляцыі зімой вакол аднаго возера ў Балгарыі. Куды яны ляцяць і як яны вяртаюцца ў Расею – не вельмі зразумела. Але праз Беларусь ляціць не вельмі шмат птушак. І яны нават адзначаюцца ў нас не кожны год. І так атрымалася, што папярэдняя рэгістрацыя на Гарадзеншчыне была для нашай вобласці першай. Яна была зроблена недалёка ад гэтага месца, на балоце Грайна ў 2012 годзе.

Сябры таварыства “Ахова птушак Бацькаўшчыны” запрашаюць кожныя выходныя на вясновыя назіранні за птушкамі і падказваюць, што нават на сваім падворку часам можна ўбачыць незвычайную птушку.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота birdwatch.by