На Піншчыне ўшанавалі памяць Яўгеніі Янішчыц



На календары – Сусветны дзень паэзіі. З нагоды гэтага свята на Піншчыне ўшанавалі памяць славутай землячкі, паэткі Яўгеніі Янішчыц. Сярод вучняў школ адбыўся конкурс на лепшае чытанне вершаў “палескай ластаўкі”, такую мянушку паэтка атрымала ад Ніла Гілевіча.

Янішчыц зрабіла вялікі ўнёсак у беларускую літаратуру і паўплывала на станаўленне многіх сучасных пісьменнікаў. Так літаратарка з Піншчыны Марыя Кобец прызнаецца, што Янішчыц для яе з’яўляецца прыкладам:

– Яна была і ёсць для мяне прыкладам таго, як звычайная вясковая дзяўчына можа ўвайсці, так сказаць, у бессмяротнасць праз свае творы, бессмяротнасць у літаратуры і ў сэрцах людзей. Я кладуся спаць і яе кніга заўсёды пад падушкай.

Сусветны дзень паэзіі адзначаецца штогод 21 сакавіка. Гэты дзень мусіць садзейнічаць развіццю паэзіі, вяртанню да вуснай традыцыі паэтычных чытанняў, аднаўленню дыялогу паэзіі з іншымі відамі мастацтва.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя