Дзень паэзіі ў „Залатым веку”
У Гародні адзначаюць дзень паэзіі. Узгадалі творчы талент Максіма Багдановіча ў мясцовым Універсітэце Залатога Веку. Адкрытая імпрэза прыцягнула студэнтаў не толькі паважнага веку, але і маладых. Адмысловымі гасцямі былі менскія літаратары – Леанід Дранько-Маісюк і Эдуард Акулін.
Кажа кандыдат філалагічных навук Ала Петрушкевіч:
– Курс “Літаратурная Гарадзеншчына ў постацях і лёсах”, які я, шчаслівая, чытаю ва Універсітэце Залатога Веку, мае падтытул “Пад зоркай Багдановіча”. Спадзяюся зразумела, чаму. І гадавіна з яго нараджэння, і ў 17-ым годзе 25 траўня – 100 гадоў як паэта не стала.
Госці з Менску павіншавалі прысутных з сусветным днём паэзіі, які адзначаецца менавіта 21-га сакавіка.
Леанід Дранько-Маісюк:
– “З гэтай пары я пачаў углядацца ў неба начное і зорку шукаў. Ціхім каханнем к табе разгарацца з гэтай пары я пачаў.” Божа мой, плакаць хочацца, калі чытаеш такія творы. Паэзія павінна рабіць душу чыстай, што б мне нехта не казаў. І не трэба ў паэзію цягнуць усё – з вуліцы, з гастранома, з базара.
На імпрэзе прадэкламавалі ўласныя вершы аўтары апошняга нумара літаратурнага часопіса „Верасень”, маладыя гарадзенскія творцы: паэты Артур Камароўскі і Аліна Паўлоўская.
[Not a valid template]Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара