Працягваюцца суды над удзельнікамі “Маршаў недармаедаў”



Беларускія суды 21 сакавіка працягваюць разгляд адміністрацыйных спраў удзельнікаў “Маршаў недармаедаў”, якія адбыліся напрыканцы лютага і ў сакавіку ў многіх гарадах Беларусі. У Бярозе пакаралі 10-ю суткамі арышту актывіста АГП з Аляксандра Кабанава. У Маскоўскім раённым судзе Берасця працягнецца разгляд адміністрацыйнай справы ўдзельніка „Марша недармаедаў” Андрэя Марача. Суд Кастрычніцкага раёна Віцебска 21 сакавіка разгледзеў адміністрацыйную справу ў дачыненні да рэгіянальнага каардынатара аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Таццяны Севярынец. Яна аштрафавана на 50 базавых велічынь.

Таццяна Севярынец:

– Буду абскарджваць, заяўляць сваю нязгоду, я і на судзе гэта сказала, што я не згодная – ні з пратаколам, ні з гэтым прысудам. Я ўжо рыхтавалася да сутак, таму што падлічыла, што 21 і 25 акцыі, і ў Віцебску таксама запланаваная акцыя. Але ж далі 50 базавых, думалі, што мяне гэта вельмі застрашыць. Няхай не спадзяюцца.

Таксама ў Віцебску разглядалася справа яшчэ аднаго ўдзельніка акцыі – Кірылы Татарэвіча. Паcтанова суддзі – штраф 30 базавых велічынь. У судзе Фрунзенскага раёна Менска адбыўся адміністрацыйны працэс у дачыненні да праваабаронцы Алега Волчака. Прысуд – 13 сутак арышту ад моманту затрымання, сам праваабаронца на суд не з’явіўся.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя