Андрэя Марача пакаралі 10 суткамі арышту



Удзельніка акцыяў супраць Дэкрэту №3 у Берасці Андрэя Марача пакаралі 10 суткамі арышту. Ён ужо адбыў пакаранне за “удзел у несанкцыянаваным шэсці”, а зараз быў паўторна асуджаны па артыкуле “дробнае хуліганства”.

Каментуе сам Андрэй:

– Нават смешна і несправядліва. Асудзілі, нягледзячы на супярэчнасці ў словах інспектараў. У маёй галаве гэта не ўкладваецца.

Андрэй Марач быў паўторна затрыманы 17 сакавіка ўчастковымі ў цывільным, якія ў судзе заявілі, што той лаяўся матам.

“Суддзя суда Маскоўскага раёна Берасця Раман Карабан не прыняў да ўвагі аргументаў абароны, бо працэс быў палітычны і звязаны з анансаванымі акцыямі 25 і 26 сакавіка”, – зазначыў праваабаронца Уладзімір Вялічкін.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота аўтара