Справа 1937 г. “Банкаўская растрата з трацкісцкімі мэтамі”
У другой палове трыццатых кожная нарада ў кожным аддзеле кожнага абласнога Упраўлення НКВД Савецкага Саюза, ад Берасця да Сахаліна, пачыналася з прыняцця планаў на бліжэйшыя дзесяць дзён. Чэкісты бралі сацыялістычныя абавязкі па колькасці завербаваных сэксотаў, абсталяваных кансператыўных кватэр і сустрэч з агентурай. Планы па арыштах былі тут ці не на першым месцы, прытым кожная катэгорыя запланаваных на арышт прапісвалася асобна: па шпіянажы – столькі, па нацыяналістычных арганізацыях – столькі, па антысавецкіх агітатарах – столькі.
Але што было рабіць, калі да канца дзесяцідзёнкі заставалася два ці тры дні, а план па арышту якіх-небудзь шпегаў быў нявыкананы?
Чэкісты выдатна ведалі, як выкручваццца ў такіх сітуацыях…
* * *
14 снежня 1937 г. энкавэдэшнікі арыштавалі нашага земляка Уладзіміра Казачынскага, дырэктара канторы Дзяржбанка СССР у райцэнтры Гарадня. У сваім райцэнтры Казачынскі быў чалавекам прыкметным, і таму санкцыю на арышт даў не шэраговы оперупаўнаважаны, а сам абласны пракурор.
ПОСТАНОВЛЕНИЕ
Черниговский областной прокурор Савранский, рассмотрев представленные материалы УГБ Черниговского облуправления НКВД по вопросу о даче санкций на арест Козачинского Владимира Владимировича (…)
ПОСТАНОВИЛ
Арест и содержание под стражей в Черниговской тюрьме Козачинского В. В. – Санкционирую.
Областной прокурор САВРАНСКИЙ
Арыштаваны Казачынскі, як відно з яго анкетных дадзеных, быў звычайным савецкім чыноўнікам сярэдняй рукі: ніякай палітычнай дзейнасцю ў райцэнтры не займаўся, забароненых кніжак не чытаў, падазроных сяброў не меў.
АНКЕТА АРЕСТОВАННОГО
Козачинский Владимир Владимирович,
1908 г. р. белорус, служащий
место рождения: село Таборы, Пинского уезда Минской губернии
Профессия и специальность: финансовый работник
Образование: специальное среднее финансовое
Семья: жена Евгения Васильевна, дети Янка – 3 г. 8 мес. и Валентина 2 мес.
Хаця пракуратура і вінаваціла Казачынскага ва ўдзеле ў “трацкісцкай антысавецкай арганізацыі”, ніякіх доказаў такога ўдзелу ані НКВД, ані пракуратура не мелі.
Затое за дырэктарам районнай Канторы Дзяржбанка быў іншы грэх…
Казачынскі займаўся тым, што цяпер называюць “распіламі”. Схема была такой жа самай, як і цяпер: галоўны фінансіст раёна даваў калгасу ці якому іншаму прадпрыемству ільготны крэдыт, які часткова абналічваўся. Скарумпаваны калгасны старшыня потым спісваў частку грошай пад нейкія форс-мажоры, сумленна пілаваў накрадзеныя грошы з Казачынскім, а рэшту павяртаў на рахунак гараднянскага Дзяржбанку. Пры гэтым у справаздачы пра невыплату часткі крэдыта пісалася: “неўраджай”, “эпідэмія хваробы жывёлаў” ці “сухмень”.
ИЗ МАТЕРИАЛОВ АКТА ФИНПРОВЕРКИ
НАРУШЕНИЯ ПО ГОРОДНЯНСКОЙ РК ЗАГОТСКОТ
Работники Отделения неоднократно докладывали Козачинскому об извращениях и нарушениях дисциплины Городнянской РК «Заготскот». Эта организация ликвидировала принципы хозрасчета, а Козачинский продолжал кредитование «Заготскота»
(…)
На 1 декабря 1937 г. убытки «Заготскота» от потере в весе и падежа скота выразились в сумме 6575 руб. 25 коп.
(…)
В этих условиях Козачинский продолжал кредитовать «Заготскот», не ставил об этом в известность районные директивные органы (…)
Усяго ў следчай справе 34 старонкі, прысвечаных фінансавым карупцыйным схемам сталінскіх часоў. Экспертныя высновы падкупляюць падрабязнасцю і грунтоўнасцю, і віна Казачынскага сумневу не выклікае.
На добры розум, і Казачынскага, і астатніх крадуноў, усіх гэтых старшынь калгасаў і дырэктароў саўгасаў, трэба было судзіць за растрату. Але ж набліжаўся канец 1937 года, у НКВД быў план па арыштам “правых трацкістаў”, і гэты план, відаць, заставаўся невыкананым.
Чакісты вырашылі, што Казачынскі і кампанія – выдатны матэрыял для права-трацкісцкай змовы. Няўжо раённы савецкі чыноўнік ў здаровым розуме будзе прыўлашчваць тысячы рублёў менавіта для сваіх патрэбаў? Не, такі загад ён атрымаў асабіста ад Льва Давыдавіча Троцкага з Мексікі, а грошы адклаў на падрыхтоўку антысавецкага паўстання.
Уладзімір Казачынскі мужна адмаўляў сувязь з Львом Троцкім ажно шэсць месяцаў. Але пад ціскам чэкістаў нарэшце здаўся…
Начальнику Черниговского областного Управления НКВД
от арестованного Казачинского В. В.
ЗАЯВЛЕНИЕ
Желая искупить свою вину перед Партией и Советской властью, я излагаю о себе следующее.
До ареста я являлся участником право-троцкистской антисоветской организации, в которую вовлечен бывшим управляющим Черниговской областной конторы Винарским Лазарь Ароновичем в декабре 1936 г. в Чернигове, в его кабинете при облконторе.
(…)
Винарский мне, как простому участнику, дал задание проводить вредительства (…) Выполняя указания Винарского, мною были допущены следующие вредительские действия.
(…)
Колхозу «Борьба за урожай» было выдано 20 тыс. рублей, предложено колхозу внести 10 тыс. рублей
(…)
В Городнянской конторе «Заготскота» имели место грубые нарушения финансовой дисциплины
(…)
Считаю необходимым отметить о поведении Винарского во время вербовки в антисоветскую организацию. Он сказал, что так как после беседы с ним я полностью посвящен в содержание его антисоветских взглядов, а потому на основании этого я уже эти взгляды разделяю (…) Все эти разоблачения полностью ляжет на меня по его, Винярского, материалам.
(…)
Прошу дать возможность искупить мне вину через труд
Можна і не казаць, што ў склад “права-трацкісцкай арганізацыі” увайшла большасць супрацоўнікаў Канторы Дзяржбанка, большасць знаёмых Казачынскага, а таксама тыя старшыні калгасаў і дырэктары саўгасаў, з якімі скарумпаваны чыноўнік тыя грошы краў.
Справа цягнулася дзевяць месяцаў. Але ж у матэрыялах следства няма ані лістоў да ўдзельнікаў “права-трацкісцкай арганізацыі” ад Льва Давыдавіча Троцкага, ані актаў канфіскацыі чорных бомбаў, белых снарадаў і жоўтых набояў, якія Казачынскі нібыта планаваў закупляць на скрадзеныя грошы.
ПРИГОВОР
Именем Союза Советских Социалистических Республик
Выездная Сессия Военной Коллегии Верховного Суда Союза СССР
(…)
в закрытом судебном заседании в гор. Чернигове 30 сентября 1938 г., рассмотрев дело по обвинению Козачинского Владимира Владимировича, 1906 г. р., бывш. управляющего Отделения Госбанка в Городне – в преступлениях, предусмотренных ст. ст. 54-7, 20, 54-8, 54-11 УК УССР
ПРИГОВОРИЛ
Казачинского Владимира Владимировича к тюремному заключению сроком на пятнадцать лет, с поражением в политических правах сроком на пять лет, с конфискацией лично принадлежащего ему имущества
(…)
Приговор окончательный и обжалованию не подлежит
Казачынскага выправілі адбываць тэрмін на Калыму. Асуджаныя савецкія чыноўнікі у суворых умовах Далёкай Поўначы звычайна жылі не больш за тры-чатыры гады, але ж Казачынскі ў нейкі цуд адседзіў увесь тэрмін. У 1951 годзе, калі тэрмін пакарання скончыўся, яму без усялякіх прысудаў уляпілі “ссылку”, і тут зняволены не вытрымаў…
Председателю Верховного Суда Союза ССР
от Казачинского Владимира Владимировича
адрес: Магаданская обл., поселок Сусуман, Ремонтный завод
Прошение
(…)
Будучи активным участником социалистического строительства, я и в заключении работал, не покладая рук, с чистой совестью Советского гражданина. Неустанно работаю, имея только положительные отзывы о своей работе.
(…)
Обращаюсь к вам, гражданин председатель Верховного Суда СССР, с просьбой после всего пережитого мною и отбытия срока заключения (…) разрешить мне уехать с Колымы (…)
Казачынскага рэебелітавалі ў 1955 годзе, але толькі часткова: абвінавачванні ў “права-трацкісцкай дзейнасці” знялі, як абсурдныя, але абвінавачванні ў фінансавым махлярстве пакінулі, як цалкам слушныя.
Але скарыстацца рэабелітацыяй былы савецкі чыноўнік не паспеў: ён памёр літаральна за тыдзень да таго, як рэабелітацыя прыйшла на Калыму.
Пахаваны ён у пасёлку Сусуман, разам з дзясяткамі тысяч такіх жа “трацкістаў”, “бухарынцаў” і “шпегаў іншаземных выведак”. Лёс яго жонкі, а таксама дачок Яны і Валянціны ў следчай справе не прасочваецца.
* * *
Наступным разам вы дазнаецеся пра ўкраінска-беларускую банду, вельмі падобную да знакамітай “Чорнай коткі”, якая лютавала на Чарнігаўшчыне і Гомельшчыне ў 1945-1946 гадах.
Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя, архіў Службы Бяспекі Украіны
Радыё Рацыя дзякуе Архіву СБ Украіны ў Чарнігаўскай вобласці за прадстаўленыя матэрыялы, архіўную справу “П-3832”